Беларуская Служба

Агрэсіўнай рыторыкай Лукашэнка трымаецца палітыкі Крамля па нагнятанні ваеннай істэрыі - ISW

11.12.2024 12:30
На сустрэчы з работнікамі ў Барысаве дыктатар запэўніваў, што ў Беларусь былі дастаўленыя дзясяткі ядзерных боегаловак.
Аляксандр Лукашэнкакрыніца: ТК- Пул Першага

Агрэсіўная рыторыка Аляксандра Лукашэнкі - гэта «працяг палітыкі Крамля па нагнятанні ядзернай ваеннай істэрыі», што скіраваная на тое, каб «запалохаць Захад і скараціць яго падтрымку Украіны», мяркуе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Як нагадвае «Позірк», на сустрэчы з работнікамі барысаўскага прадпрыемства «ПАЖСНАБ» палітык заявіў, што ўвёз ў Беларусь «не адзін дзясятак адзінак» ядзерных боегаловак, а яго праціўнікі «нават не заўважылі», як зброя была дастаўленая ў краіну. Дыктатар у чарговы раз прыстрашыў «усіх сваіх ворагаў, «сяброў» і сапернікаў», што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі «адказ будзе імгненным».

Лукашэнка таксама заявіў, што ў Беларусі «тры дзесяткі пляцовак», якія пасуюць для размяшчэння ракетнага комплекса «Арэшнік», у якім, паводле яго запэўніванняў, «уся пускавая ўстаноўка беларуская».

Аналітыкі ISW лічаць гэтыя заявы Лукашэнкі сведчаннем «далейшага збліжэння расійскай і беларускай абаронных прамысловых баз у адпаведнасці з намаганнямі Расіі па паскарэнні паглынання Беларусі ў рамкі Саюзнай дзяржавы».

9 лістапада Пуцін падпісаў Асновы дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымлівання, якія сярод іншага прадугледжваюць магчымасць выкарыстання ядзернай зброі ў адказ на агрэсію супраць Расіі і Беларусі.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 6 снежня ў Мінску Пуцін заявіў, што падпісаны ў той жа дзень дагавор аб гарантыях бяспекі РФ і Беларусі «вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэта, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу» дзвюх краін.

Ён у чарговы раз нагадаў, што «гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю», размешчаную, «на прапанову» Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.

На тым самым пасяджэнні Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць у Беларусі комплексы «Арэшнік». Пуцін не выключыў такой магчымасці.

аз

Лукашэнка: «Я сюды ўвёз ядзерныя боегалоўкі. Не адзін дзясятак штук»

10.12.2024 16:15
Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі сапраўды ёсць ядзерная зброя.