12 снежня ў Брусэлі адбылося адкрыццё арт-інсталяцыі «Нязломныя», прысвечанай палітзняволеным праваабаронцам «Вясны» Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку.
У яе адкрыцці ўзялі ўдзел кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска, праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка і лідарка беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская. Мерапрыемства адбылося ў межах Дней Беларусі ў Брусэлі — серыі падзей, якія паказваюць салідарнасць ЕС з народам Беларусі.
«Партрэты нашых калегаў зробленыя з металічных прутоў, што з аднаго боку нагадвае пра тыя суровыя ўмовы ўтрымання, у якіх знаходзяцца палітычныя вязні кожны дзень, а з іншага — адлюстроўвае іх моц і смеласць у барацьбе за правы чалавека», кажуць вясноўцы.