Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце ў колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні, гаворыцца ў штогадовым дакладзе праваабарончай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF).
Паводле БАЖ за кратамі цяпер 37 беларускіх супрацоўнікаў мас-мэдыяў.
Найбольшая колькасць арыштаваных журналістаў у Кітаі (124, у тым ліку 11 — у Ганконгу), Бірме (61), Ізраілі (41), Беларусі (40), Расіі і В'етнаме (па 38), адзначаюць аўтары дакладу.
Усяго, па дадзеных RSF, у турмах па ўсім свеце ўтрымліваецца 550 журналістаў — на 7% больш, чым у папярэднім годзе. У 2024 годзе пазбаўлення волі прысудзілі 72 журналістам, агульны прызначаны тэрмін зняволення перавысіў 250 гадоў.
У дакладзе падкрэсліваецца, што гвалт над журналістамі, які «часта чыніцца ўрадамі або ўзброенымі групоўкамі пры поўнай беспакаранасці», патрабуе «неадкладнага адказу». Неабходна «тэрмінова мабілізаваць усе сілы для абароны журналістаў і журналістыкі».
У дакладзе адзначана «трывожная інтэнсіфікацыя нападаў на журналістаў, асабліва ў зонах канфліктаў, дзе адбылася палова забойстваў журналістаў, зарэгістраваных сёлета».
Самым небяcпечным рэгіёнам названы сектар Газа, дзе за пяць гадоў «загінула найбольшая колькасць журналістаў пры выкананні сваіх абавязкаў».
На думку генеральнага дырэктара арганізацыі Тыбо Брутэна, журналістаў у турмы «кінулі рэжымы».
«Гэтыя злачынствы, якія часта арганізуюцца ўрадамі ці ўзброенымі групоўкамі, топчуць міжнароднае права і занадта часта застаюцца беспакаранымі. Мы павінны абараняць тых, хто нас інфармуе, а значыць, абараняць праўду», — падкрэсліў Брутэн.
, які «Рэпарцёры без межаў» прадставілі ў траўні. Адзначалася, што «крыжовы паход супраць незалежнай журналістыкі» працягвае Расія (162-е месца), і ў «гэтай зоне з Расіяй супернічаюць толькі дзве дзяржавы: Беларусь (167-е месца), чый рэжым пераследуе журналістаў пад маркай барацьбы з „экстрэмізмам“, і Туркменістан (175-е месца), дзе прэзідэнт, які мае неабмежаваныя паўнамоцтвы, забараняе любую незалежную інфармацыю».
У індэксе-2023 Беларусь займала 157-е месца, у 2022 годзе — 153-е.
Свабода/ав