Беларуская Служба

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Святланы Ціханоўскай у 2020 годзе

15.12.2024 09:21
Жанчына была асуджана на 5 з паловай гадоў пазбаўлення волі.
 .
Антаніна Канавалава.Фота: Наша Ніва

Пра вызваленне Антаніны Канавалавай напісала ў фэйсбуку яе маці, Ганна Канавалава, аб чым паведаміла Наша Ніва

«Сёння — самы шчаслівы дзень у нашым жыцці. Мая дачушка нарэшце выйшла на волю!» — напісала Ганна Канавалава.

«Дзеці так моцна сумавалі па маме. Кожнае іх слова, кожная слязінка ў вачах разбівалі сэрца, але я заўсёды верыла, што гэты дзень надыдзе», — дадала яна.

Антаніна Канавалава выйшла на волю датэрмінова, па памілаванні, указ аб якім Лукашэнка падпісаў 9 снежня.

Антаніна Канавалава на выбарах 2020 года была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Яна была затрыманая 6 верасня 2020 года і асуджаная ў адміністрацыйным парадку на 40 базавых велічынь штрафа за ўдзел у несанкцыянавым мерапрыемстве. Аднак пасля суду жанчыну не адпусцілі, а перазатрымалі ў межах крымінальнай справы, звязанай з дзейнасцю тэлеграм-канала «Армія з народам».

У пачатку кастрычніка 2020 года па справе аб удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, быў затрыманы і муж Антаніны Сяргей Ярашэвіч. Пасля мужа і жонку судзілі разам.

7 мая 2021 года ў Мінскім абласным судзе былі вынесеныя прысуды фігурантам справы па телеграм-канале «Армія з народам».

Антаніна Канавалава была па ёй асуджаная да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага режыму. Пасля яе ўключылі ў спісы асоб, датычных да «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасці.

У зняволенні Антаніна атрымала інваліднасць 3-й групы па зроку.

Яе муж Сяргей Ярашэвіч быў асуджаны спачатку таксама да 5,5 гадоў зняволення, але пасля яму на новым судзе дадалі да гэтага тэрміну яшчэ 9 месяцаў. Пакуль ён застаецца за кратамі.

У Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча двое дзяцей: Насці цяпер восем гадоў, а Ваню — дзесяць. Увесь час зняволення бацькоў дзецьмі апякуецца мама Антаніны Канавалавай Ганна, яна жыве з унукамі ў Польшчы.

нг