«Я адцягвала сённяшнюю публікацыю, каб праверыць інфармацыю пра тое, што Дзяніс Івашын зноў змешчаны ў ШЫЗА. І вось гэтая сумная навіна, на жаль, пацвердзілася. Прычына, як звычайна, выдуманая, галоўная задача была — чарговы раз кінуць Дзяніса ў адзіночку дзеля большых катаванняў. З якое даты і па якую мы пакуль дакладна не ведаем», — напісала Вольга Івашына ў тэлеграм-канале, прысвечаным палітзняволенаму журналісту.
Таксама Вольга выказвае занепакоенасць, што гэтым разам тэрмін у ШЫЗА для Дзяніса Івашына можа прыпасці акурат на калядныя і навагоднія святы.
Сёлета ў жніўні і кастрычніку Дзяніса Івашына ўжо змяшчалі ў ШІЗА.
12 верасня споўнілася тры з паловай гады, як журналіста арыштавалі.
У той дзень у 2021 годзе Івашына затрымалі супрацоўнікі гродзенскага КДБ. У ягонай кватэры, на лецішчы і ў кватэры маці Дзяніса сілавікі правялі ператрус, а праз тры дні прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.
14 верасня 2022 года ў Гродзенскім абласным суде Дзяніса Івашына прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).
Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Жонка палітвязня Вольга адзначала, што пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі.
Крыніца: БАЖ/юл