Арменія не мае намеру вяртаць у Беларусь свайго амбасадара Разміка Хумарана, які быў адкліканы для кансультацый у чэрвені 2024 года. Пра гэта паведамляе «Sputnik Арменія» са спасылкай на свае крыніцы, на што звярнуў увагу Белсат.
Амбасадар не вяртаецца ў Мінск на фоне напружаных адносін паміж Беларуссю і Арменіяй. Раней прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што не паедзе ў Беларусь, пакуль там ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка. Пашыньян выказваў прэтэнзіі Беларусі і Расіі ў сувязі з тым, што ўсе яны знаходзяцца ў АДКБ, аднак беларускія і расійскія ўлады аказвалі Азербайджану ваенную падтрымку ў той час, як у Арменіі з Азербайджанам абвастрыўся канфлікт у Нагорным Карабаху.
25 снежня 2024 года Нікол Пашыньян не прыехаў на нефармальны саміт СНД у Расею, аднак падключыўся па відэасувязі да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 26 снежня.
Там Лукашэнка і Пашыньян пасварыліся. Лукашэнка прапанаваў правесці пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Еўразійскі эканамічны форум у канцы траўня ў Мінску.
Пашынян адказаў, што армянская дэлегацыя зноў падключыцца па відэасувязі.
На гэта Лукашэнка спытаў, няўжо няма каму падвезці Пашыньяна і прапанаваў арганізаваць дастаўку.
Пашыньян нагадаў, што ўжо казаў пра паездкі ў Беларусь, маючы на ўвазе, што не прыедзе пры Лукашэнку. Той адказаў, што ў Мінску можа не апынуцца тэлевізара, каб арганізаваць падключэнне.
«Я разумею, што, можа, у вас з'явіліся і праблемы з тэлевізарамі. Я з разуменнем да гэтага стаўлюся», – адказаў Пашыньян.
яс