Беларуская Служба

Вярхоўны суд Беларусі прызнаў памерлага ў 1960 годзе Смоўскага вінаватым у генацыдзе

30.12.2024 12:01
26 сакавіка генпракурор Андрэй Швед анансаваў яшчэ пяць падобных судовых працэсаў над памерлымі.
СудInactive_account_ID_249/pixabay.com/CC0 Public Domain

Памерлы амаль 65 гадоў таму карнік Хатыні Канстанцін Смоўскі на падставе рашэння Вярхоўнага суда Беларусі ад 30 снежня прызнаны вінаватым паводле арт. 127 КК (генацыд), паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.



Наглядны орган адзначыў, што са студзеня 1943 года па травень 1944-га Смоўскі як камандзір 118-га батальёна «здзяйсняў масавыя забойствы мірнага насельніцтва, у тым ліку асоб, якія знаходзяцца ў бездапаможным стане; ствараў умовы, разлічаныя на знішчэнне беларускага народа шляхам пазбаўлення жылля і маёмасці, неабходнай чалавеку для выжывання і мінімальных жыццёвых патрэбаў; забяспечваў прымусовае перамяшчэнне людзей у Германію для прыцягнення да непасільнай рабскай працы і іншых форм эксплуатацыі».

Удзел Смоўскага ў спаленні Хатыні ў складзе 118-га батальёна шуцманшафта 22 сакавіка 1943 года не з’яўляецца сакрэтам, пра гэта было вядома задоўга да расследавання Генпракуратуры, нагадвае «Позірк».

Пасля Другой сусветнай вайны Смоўскі эміграваў у ЗША, дзе памёр 8 сакавіка 1960 года.

18 сакавіка 2024 года Вярхоўны суд вынес абвінаваўчы вырак паводле арт. 127 КК украінцу Уладзіміру Катруку, якога таксама абвінавацілі ў спаленні Хатыні. З прычыны яго смерці ў 2015 годзе пакаранне прызначана не было.

26 сакавіка генпракурор Андрэй Швед анансаваў яшчэ пяць падобных судовых працэсаў над памерлымі.

У 2021 годзе быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народа».

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса», які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку.

Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі «Генацыд беларускага народа», якая выйшла пад рэдакцыяй Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасляваенныя гады.

аз