Беларуская Служба

У Польшчы пройдзе вялікі беларуска-польскі бізнес-форум

29.01.2025 16:06
Аб'яднаны пераходны кабінет анансаваў правядзенне беларуска-польскага бізнес-форуму.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/ravipat

Беларуска-польскі бізнес-форум плануецца арганізаваць у другой палове 2025 года ў Варшаве, паведамляе прэс-служба АПК.

Форум стане важнай пляцоўкай для развіцця беларуска-польскіх эканамічных сувязей і працягам дамоўленасцей, дасягнутых на сустрэчы 9 студзеня 2025 года кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святланы Ціханоўскай, яе намесніка Паўла Латушкі з міністрам развіцця і тэхналогій Польшчы Кшыштафам Пашыкам.

Як адзначыў Павел Латушка, беларускі бізнес у Польшчы адыгрывае ключавую ролю ў эканамічных сувязях дзвюх краін і можа стаць важным фактарам у перыяд, калі Беларусь набудзе свабоду і дэмакратыю. «Польшча фактычна стане для беларускіх прадпрыемстваў варотамі ў ЕС, а стратэгічнае гандлёва-эканамічнае партнёрства стане прыярытэтам у будучых адносінах паміж нашымі краінамі», – падкрэсліў ён.

Паводле статыстыкі, беларускія інвестыцыі ў польскую эканоміку склалі 3,1 млрд еўра, а колькасць кампаній з беларускім капіталам у 2024 годзе дасягнула 7 169.

вх