Асноўная праграма Касцюшкаўскага форуму ў Гданьску пачалася з цырымоніі ўскладання кветак ля манумента ахвяр камуністычнага рэжыму на месцы расстрэлу рабочых Гданьскай суднаверфі. Беларуская дэлегацыя на чале з кіраўніцай Кабінета Святланай Ціханоўскай удзельнічала ў цырымоніі разам з прадстаўнікамі Польшчы, Літвы, Швецыі, Украіны і еўрапейскай дыпламатыі.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі адзначыў, што савецкая міфалогія скрала сапраўдную гісторыю беларускага і ўкраінскага народаў. Ён падкрэсліў, што расійская дзяржаўнасць здаецца некаторым заходнім палітыкам больш відавочнай, чым неабходнасць захавання ідэнтычнасці і дзяржаўнасці Беларусі. Міністр Сікорскі нагадаў, што на працягу 500 гадоў пісьмовай мовай ВКЛ была беларуская мова.
Святлана Ціханоўская адкрыла асноўную частку палітычнай дыскусіі на Касцюшкаўскім форуме ў Гданьску, падзякаваўшы спадару Сікорскаму за падтрымку Беларусі. Яна азначыла важнасць форуму ў Гданьску, дзе пачалася «Салідарнасць», і заўважыла, што змаганне за свабоду можа быць доўгім, але пры адзінстве і падтрымцы саюзнікаў яно прыводзіць да перамогі.
У прамове кіраўніца Кабінета ўшанавала памяць беларускіх і ўкраінскіх герояў, якія змагаюцца за свабоду, у тым ліку Марыю Зайцаву, якая пасля пратэстаў у Беларусі далучылася да абароны Украіны і загінула.
Дэмакратычная лідарка заклікала міжнародную супольнасць падтрымаць беларускіх палітвязняў і журналістаў, якія працягваюць сваю працу, нягледзячы на рэпрэсіі. Асобна яна адзначыла ролю Літвы ў ініцыятыве супраць рэжыму ў Міжнародным крымінальным судзе.
Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь не разменная манета і не прыз для Пуціна, і адзначыла, што падтрымка беларусаў – гэта інвестыцыя ў бяспеку і дэмакратыю рэгіёна. «Я веру, што Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай еўрапейскай краінай», – сказала яна.
Крыніца: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі/юл