Беларусы, якія маюць два грамадзянствы, маглі выбіраць, па якім пашпарце ўязджаць у Беларусь. Прынамсі так было да нядаўняга часу. Цяпер практыка змянілася, піша Наша Ніва.
Магчымасцю прыязджаць у Беларусь у якасці замежніка беларусы, як правіла, карысталіся дзеля таго, каб перасекчы мяжу на машыне, зарэгістраванай у трэціх краінах. Асабліва пасля таго, як 19 ліпеня быў уведзены бязвіз для грамадзян 35 краін Еўропы.
Дзякуючы бязвізу і другому грамадзянству беларусы прыязджалі ў Беларусь на сваіх машынах з еўрапейскай рэгістрацыяй і афармлялі на іх часовы ўвоз, як і іншыя замежнікі.
Людзі, якія сутыкнуліся з такой праблемай, сцвярджаюць, што ніякіх зменаў у заканадаўстве не адбылося, і самі памежнікі ніколі не паказваюць дакумент, на падставе якога адмаўляюць ва ўездзе па замежных дакументах.
Довады, што раней чалавек ужо неаднаразова заязджаў і выязджаў з Беларусі па еўрапейскім пашпарце, таксама не спрацоўваюць.
Некаторым падарожнікам памежнікі прызнаваліся, што гэта негалоснае распараджэнне, спушчанае зверху, а не афіцыйныя змены ў заканадаўстве.
Наша Ніва/ав