Беларуская Служба

Генпракуратура Літвы пачала дасудовае расследаванне аб датычнасці Беларусі да перасялення ўкраінскіх дзяцей

12.06.2023 11:27
Пацярпелымі ўжо прызнаныя 100 чалавек. Больш за 360 бежанцаў, якія прыбылі з Украіны ў Літву, апыталі ў якасці сведкаў.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Drop of Light

На падставе звестак аб перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскене адкрыла дасудовае расследаванне па арт. 102 і 1002 КК (дэпартацыя, перасяленне мірных жыхароў і разлучэнне дзяцей), паведаміла прэс-служба нагляднага органа Літвы.

Пракуратура Літвы прыняла такое рашэнне, ацаніўшы інфармацыю «аб магчымым незаконным перасяленні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і ролі прадстаўнікоў беларускіх уладаў у садзейнічанні гэтым злачынным дзеянням».

9 чэрвеня МЗС Літвы паведаміў, што міністр Габрыэлюс Ландсбергіс перадаў Генпракуратуры адпаведныя звесткі, раней атрыманыя ад беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

У дакументах, якія кіраўнік МЗС прыклаў да ліста генпракурору, гаворыцца, што з пачатку вайны «больш за 2 тысячы ўкраінскіх дзяцей, у асноўным сірот, былі незаконна перамешчаныя з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў лагеры ў Беларусі», верагодна, «па ўказанні беларускага рэжыму ці з яго згоды».

«Незаконная дэпартацыя або перасяленне грамадзянскіх асоб кваліфікуюцца як злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, – зазначыў Ландсбергіс. – Гэтыя дзеянні караюцца як у адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам Літоўскай Рэспублікі, так і ў адпаведнасці з міжнародным правам. Трэба ацаніць не толькі дзеянні Расіі, але і патэнцыйны саўдзел прадстаўнікоў беларускіх уладаў (у тым ліку вышэйшых службовых асоб) і кантралюемых імі суб’ектаў ва ўчыненні ваенных злачынстваў ва Украіне і супраць украінскіх жыхароў».

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію.

3 чэрвеня дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў заявіў, што ў «аздараўленчых лагерах Менскай вобласці» пабывала больш за 2 тыс. дзяцей з так званых «данецкай і луганскай народных рэспублік» – раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, якія не кантралююцца Кіевам. Ён сцвярджае, што ў Беларусь іх адпраўлялі нібыта на законных падставах.

Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэнне. Офіс генпракурора Украіны завёў крымінальную вытворчасць па факце «прымусовай дэпартацыі больш за 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данбаса, Луганскай, Запарожскай, Херсонскай і Харкаўскай абласцей, у тым ліку ў Беларусь.

svaboda.org / вх