У праекце бюджэту ЗША на 2025 год прадугледжваецца вылучэнне 1,5 мільярда долараў на супрацьдзеянне агрэсіі Крамля. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпартамента Злучаных Штатаў Амерыкі. Частка гэтай сумы будзе накіраваная на фінансавую падтрымку «намаганняў па пабудове дэмакратычнай будучыні ў Беларусі». Канкрэтная сума для Беларусі не называецца, паведамляе «Еўрарадыё».
Вядома толькі, што частку з гэтых 1,5 мільярда долараў – 482 мільёны – накіруюць на дапамогу Украіне. Рэшту – каля мільярда долараў – накіруюць на «супрацьдзеянне згубнаму ўплыву Расіі і Кітая» ў Еўропе, Еўразіі і Цэнтральнай Азіі.
Грошы плануецца выдаткаваць на «ўмацаванне ўстойлівасці саюзнікаў і партнёраў ЗША, прасоўванне дэмакратычных рэформаў, супрацьдзеянне расійскай дэзынфармацыі, паляпшэнне доступу грамадзян да дакладных і непрадузятых СМІ, умацаванне энергетычнай і кібербяспекі, а таксама стабілізацыю эканомік, якія пацярпелі ад вайны ва Украіне».
Частка з гэтага мільярда прызначаная і для Беларусі.
аз