Беларуская Служба

Вынікі апошняга апытання паказалі, што літоўцы прыхільна ставяцца да беларусаў

13.03.2024 18:02
Мігранты наогул вельмі турбуюць літоўцаў. 87 працэнтаў лічаць, што іх усё болей, а 79 працэнтаў – што ўжо хопіць.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Арганізацыя Diversity development group разам з Інстытутам сацыялогіі літоўскага цэнтра сацыяльных навук правялі апытанне сярод жыхароў Літвы пра тое, як яны ставяцца да розных уразлівых групаў людзей (асабліва мігрантаў), паведамляе «Наша Ніва».

Першае пытанне было пра тое, з кім літоўцы не хочуць жыць побач. Сярод мігрантаў у групу ўключылі беларусаў, украінцаў і расіян, а таксама «іншых мігрантаў».
Побач з беларусамі не хацелі б жыць 18 працэнтаў літоўцаў, як і з мігрантамі з іншых краінаў. Да ўкраінцаў стаўленне троху лепшае (12 працэнтаў).

Адчувальна горш літоўцы ставяцца да людзей з псіхічнымі разладамі (65 працэнтаў не хацелі б жыць з імі побач), геяў (54 працэнты) і мусульман (46 працэнтаў). За імі – расіяне (36 працэнтаў) і людзі, якія не размаўляюць па-літоўску (22 працэнты).
Наступным пытаннем было «З кім вы не хацелі б працаваць разам?».

Побач з беларусамі не хацелі б працаваць толькі 12 працэнтаў літоўцаў, на пару адсоткаў больш – з іншымі мігрантамі. Абагналі беларусаў толькі ўкраінцы – з імі не хацела б працаваць 8 працэнтаў літоўцаў.

Сярод антылідараў – людзі з псіхічнымі захворваннямі (супраць сумеснай працы з імі выказаліся 61 працэнт) і геі (40 працэнтаў). Але на трэцяе месца выйшаў моўны фактар – 34 працэнты не хацелі б працаваць з тымі, хто не размаўляе па-літоўску і 33 працэнты – з расіянамі. Мусульмане пасярэдзіне спісу (22 працэнты). Такім чынам, літоўская мова вельмі важная для літоўцаў, асабліва ў працоўных зносінах.

Сярод мігрантаў літоўцы вельмі непрыхільна ставяцца да тых, хто перасякае мяжу з парушэннем законa (86 працэнтаў супраць таго, каб пакідаць іх у Літве). Да палітычных бежанцаў стаўленне змяшанае – каля 44 працэнты «за» і 47 працэнтаў «супраць». Прычым агулам колькасць прыезджых вельмі турбуе літоўцаў. 87 працэнтаў лічаць, што іх усё болей, а 79 працэнтаў – што ўжо хопіць.

Пры гэтым ставяцца яны да іх больш-менш нармальна: у пытаннях пра дапамогу бежанцам большасць літоўцаў лічаць, што яны маюць права на адукацыю для дзяцей, медыцыну, юрыдычныя паслугі і бясплатныя курсы літоўскай мовы.

Адметна, што большасць літоўцаў, згодна з апытаннем, чула пра мігрантаў толькі з медыя. Толькі 36 працэнтаў бачылі ці асабіста знаёмыя з украінскімі бежанцамі і 4 працэнты бачылі ўжывую палітычных уцекачоў.

аз