Беларуская Служба

Беларусь забараніла ўвозіць з Літвы прадукты харчавання, будаўнічыя вырабы, бытавую тэхніку, шыны і іншыя тавары

15.03.2024 11:05
Названыя забароны не закранаюць тавары, якія ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі для асабістага карыстання.
ІлюстрацыяFree-Photos/pixabay.com/CC0

Урад уводзіць забарону на ўвоз асобных тавараў праз беларуска-літоўскі ўчастак дзяржмяжы. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, паведамляе прэс-служба ўрада, паведамляе zerkalo.io.

Уводзіцца забарона на перамяшчэнне праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы шэрагу тавараў, якія ўвозяцца для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, незалежна ад краіны іх паходжання. Гэта былыя ва ўжыванні адзенне і запасныя часткі да транспартных сродкаў, шыны, алкагольная прадукцыя і іншыя тавары.

«Забаронены да ўвозу для рэалізацыі і спажывання на тэрыторыі Беларусі наступныя тавары: воды, піва, віна, сусла вінаграднае, вермуты, напоі іншыя зброджаныя, спірт этылавы, воцат, шыны і покрыўкі пнеўматычныя гумовыя, адзенне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжыванні, а таксама былыя ва ўжыванні часткі і прыналежнасці транспартных сродкаў», – гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, Беларусь устанаўлівае забарону на імпарт з Літвы асобных тавараў, уключаючы прадукты харчавання, будаўнічыя вырабы і бытавую тэхніку.

«У прыватнасці, у названы пералік уключаны асобныя тавары, якія паходзяць з Літоўскай Рэспублікі: малако і вяршкі згушчаныя, садавіна і арэхі, кава, сокі фруктовыя, воды, воцат, калготы, панчохі, гольфы, шкарпэткі і іншыя панчошна-шкарпэткавыя вырабы, асобныя будаўнічыя вырабы, халадзільнікі і маразільнікі», – распавялі ў прэс-службе ўрада.

Названыя забароны не закранаюць тавары, якія ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі для асабістага карыстання.

Ва ўрадзе растлумачылі, што ўвядзенне забароны – мера ў адказ на прынятае Літвой рашэнне аб спыненні руху тавараў, транспарту і людзей праз два пагранічныя пункты пропуску.

ав/zerkalo.io