Беларуская Служба

У Літве стварылі петыцыю з просьбай забяспечыць свабоду перамяшчэння праз мяжу з Беларуссю

20.03.2024 13:25
Аўтар прапануе сем пунктаў, на якія мусяць звярнуць увагу літоўскія ўлады для паляпшэння сітуацыі на мяжы. 
   .
Мяжа Літвы і Беларусі.Фота: shutterstock/Karolis Kavolelis

Цяперашнія магчымасці перасячэння мяжы Літвы і Беларусі нельга назваць свабодай перамяшчэння, гэта катаванне для людзей і стварэнне сур'ёзных перашкод, лічыць Эдуардас Ёніс, аўтар петыцыі да Сейма і ўрада Літвы. Дакумент апублікаваны на сайце peticijos.lt 19 сакавіка.

«Міністэрства нацыянальнай абароны, Дзяржаўная памежная служба і іншыя звязаныя з імі арганізацыі, выкарыстоўваючы палітычную канʼюнктуру, спрабуюць зладзіцца са сваёй няздольнасцю кантраляваць сітуацыю шляхам зачынення пунктаў пропуску, што наўпрост закранае інтарэсы людзей, асабліва жыхароў памежжа. Не было ніякага абмеркавання з гэтай групай насельніцтва, выслухоўвання прапаноў, пажаданняў», – сказана ў тэксце петыцыі.

Аўтар прапануе сем пунктаў, на якія мусяць звярнуць увагу літоўскія ўлады для паляпшэння сітуацыі на мяжы. У іх ліку, напрыклад, забеспячэнне бесперашкоднага руху праз астатнія пункты пропуску, каб перасячэнне мяжы не ператваралася ў прыніжэнне чалавечай годнасці і фізічныя катаванні. Ён прапануе максімальны тэрмін чакання – дзве-тры гадзіны ў экстраных выпадках. Таксама стваральнік петыцыі лічыць, што працэс перасячэння мяжы паскорыла б адмена чакання ў агульнай чарзе для аўтамабіляў у чырвоным і зялёным калідорах.

Акрамя таго, прапануецца дазволіць перасякаць мяжу на ровары і пешшу, арганізаваць «цывілізаваныя зоны чакання», «а не пад дажджом каля шлагбаума». Просіць аўтар арганізаваць таксама дастатковую колькасць пасажырскіх аўтобусаў і забяспечыць іх праезд без чэргаў. Ёсць таксама пункт з прапановай звольніцца тым супрацоўнікам, якія не могуць працаваць, не парушаючы інтарэсаў і правоў грамадзян.

Нагадаем, што Літва 1 сакавіка гэтага года закрыла яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Лаварышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»). У выніку значна выраслі чэргі ў астатніх пунктах пропуску і пераразмеркаваліся транспартныя патокі. Літоўскі ўрад растлумачыў закрыццё гэтых пагранпераходаў тым, што мясцовыя службы адчуваюць дадатковую нагрузку па праверцы і кантролі пасля таго, як Польшча і Латвія пакінулі толькі па адным пагранпераходзе, які працуе на мяжы з Беларуссю. У выніку Літва вырашыла знізіць нагрузку на свае службы і пакінуць толькі два пункты пропуску.

Зеркало

нг