Беларуская Служба

Суд ЕС зняў санкцыі з кампаніі «Белшына»

20.03.2024 16:03
Рашэнне з'явілася на сайце суда.
     .
Суд ЕС зняў санкцыі з "Белшыны".Фота: autocapriz.com.ua/

Суд Еўрапейскага Саюза ў Люксембургу зняў санкцыі з беларускага дзяржпрадпрыемства «Белшына», уведзеныя з-за рэпрэсій у краіне. Рашэнне размешчана на сайце суда.

ААТ «Белшына» трапіла ў санкцыйны спіс ЕС 2 снежня 2021 года з-за рэпрэсій у Беларусі. Прадпрыемства ўключылі ў спіс на падставе таго, што яно «зʼяўляецца адной з вядучых дзяржаўных кампаній у Беларусі» і «істотная крыніца даходаў рэжыму Лукашэнкі». Акрамя таго, на ўключэнне ў санкцыйны спіс паўплывала тое, што супрацоўнікі «Белшыны», якія страйкавалі ў 2020 годзе, былі звольненыя, а значыць, прадпрыемства «нясе адказнасць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці».

Як і многія іншыя беларускія прадпрыемствы, ААТ «Белшына» абскардзіла рашэнне Рады ЕС у Еўрапейскім судзе.
На думку суда, Рада ЕС не змагла даказаць, што «Белшына» уяўляе сабой «істотную крыніцу даходаў рэжыму Лукашэнкі», і што беларуская дзяржава наўпрост атрымлівае выгаду з даходаў кампаніі, паколькі «Белшына» прадставіла фінансавыя дакументы, якія даказваюць, што перад уключэннем у санкцыйны спіс была стратным прадпрыемствам, якое не прыносіла прыбытку.

У выніку Суд ЕС вырашыў зняць санкцыі з прадпрыемства і абавязаў Раду ЕС выплаціць судовыя выдаткі.

Хартыя'97

нг