Беларуская Служба

Сёлета Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю 577 грамадзянам Беларусі і 278 грамадзянам Расіі

03.12.2024 17:21
Кіраўніца Міністэрства ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што больш жорсткае міграцыйнае заканадаўства паспрыяла зніжэнню міграцыйных патокаў з Беларусі, Украіны і Расіі.
Дзяржаўная мяжафота: gpk.gov.by

«Больш жорсткія захады кантролю ўжо даюць адчувальныя вынікі — сёння мы больш эфектыўна кіруем міграцыйнымі патокамі і прадухіляем злоўжыванні міграцыйнымі працэдурамі, што дазваляе лепш забяспечваць нацыянальную бяспеку», — заявіла Агне Білатайце.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце літоўскага ведамства, на 1 снежня 2024 году ў Літве жывуць 213 338 іншаземцаў на падставе дазволаў на жыхарства супраць 221 848 на 1 студзеня. Найбольш (111 725) дазволаў на часовае пражыванне выдадзена на падставе працы.

Колькасць грамадзян Расійскай Федэрацыі скарацілася з 15 888 да 15 105, грамадзян Беларусі — з 62 167 да 59 399, а колькасць грамадзян Украіны — з 86 353 да 68 166.

З пачатку году да 1 лістапада 2024-га анулявалі або адмовілі ў выдачы 24 368 дазволаў на пражыванне (у 2023 годзе гэтая лічба складала 10 767).

Апроч таго, сёлета Літва забараніла ўезд на сваю тэрыторыю 577 грамадзянам Беларусі і 278 грамадзянам Расіі.

Свабода/ав