Беларуская Служба

Беларус, якога затрымалі падчас пратэстаў у Грузіі, вылецеў у Літву

07.12.2024 11:18
25-гадовы Яўген Муравіцкі быў сярод 10 замежнікаў, якіх затрымалі на акцыі пратэсту ў Тбілісі ў ноч на 29 лістапада. 
Яўген Муравіцкіфота: Раман Кісляк (адкрытыя крыніцы)

Грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі, якога затрымалі ў канцы лістапада падчас пратэстаў у Тбілісі, але пасля вызвалілі, у суботу, 7 снежня, вылецеў з грузінскай сталіцы ў Вільню, паведаміў «Позірку» праваабаронца Раман Кісляк, які суправаджаў маладога чалавека. 

«Па парадзе праваабаронцаў ён эвакуяваўся з Грузіі», — адзначыў суразмоўца. 

Грузінскія СМІ паведамлялі, што 25-гадовы Муравіцкі быў сярод 10 замежнікаў, якіх затрымалі на акцыі пратэсту ў Тбілісі ў ноч на 29 лістапада. 

Сам малады чалавек у гутарцы з беларускімі СМІ заявіў, што быў затрыманы раніцай 30 лістапада. 

Два дні Муравіцкі правёў у ізалятары горада Сігнахі, які знаходзіцца ў 109 км ад сталіцы. Пасля вызвалення яго выклікалі ў міграцыйную службу. 3 снежня Муравіцкі падаў прашэнне аб прытулку.

вс