Кіберзлачынствы набіраюць усё большыя маштабы - піша "Вячэрні Брэст". Зламыснікі праяўляюць бязмежную фантазію і вынаходлівасць. Яны, здаецца, нічога не баяцца, маніпулюючы ахвярамі праз сацыяльныя сеткі.
Праваахоўныя органы паведамілі пра новую схему, якую выкарыстоўваюць кібермахляры. Злачынцы, выходзячы на сувязь з патэнцыйнай ахвярай, прадстаўляюцца супрацоўнікамі спецслужбаў (у беларускіх выпадках — КДБ). Спачатку просяць, а потым пад пагрозамі патрабуюць доступу да банкаўскіх рахункаў, якія, маўляў, неабходна праверыць "на законнасць транзакцый". Далей дзейнічаюць паводле звыклай схемы.
Нам, звычайным людзям, цяжка паверыць, што за нашымі сціплымі даходамі палююць не два-тры ашуканцы, а цэлая структура. З дапамогай супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў журналісты атрымалі магчымасць азнаёміцца са структурай міжнароднай арганізаванай групы (МАГ), якая спецыялізуецца на махлярстве праз абяцанні лёгкага заробку ў сеціве. Верагодна, падобны падыход выкарыстоўваецца і ў іншых відах кіберзлачынства.
На вяршыні піраміды знаходзіцца арганізатар-інвестар МАГ — галоўны ідэолаг і кіраўнік. Затым ідуць замежныя кіраўнікі групы, сярод іх і кіраўнік у Беларусі. На ніжэйшых ступенях — "працаўнікі", якія палююць за банкаўскімі данымі. Пад кіраўнікамі знаходзяцца "цімлідары" — шэфы асобных груп. Далей ідуць аддзелы: продажаў (першасныя званкі ахвярам), суправаджэння (другасныя кантакты з пацярпелымі), HR (падбор і навучанне кадраў), камплаенс (забеспячэнне дропаўскімі рахункамі і падробленымі дакументамі). У самым нізе знаходзяцца стажоры, так званыя "скулы" (ад англ. school — школа). Вось такая "адукацыйная ўстанова", амаль што вышэйшая.
Міжнародны характар гэтай злачыннай сеткі пацвярджае нядаўні выпадак у Расіі. Ахвярай махляроў стала знакамітая актрыса Раіса Разанава, якой патэлефанавалі ад імя ФСБ і заявілі, што яе абвінавачваюць у пераводзе грошай на падтрымку Узброеных Сіл Украіны. Жанчына страціла каля чатырох мільёнаў рублёў.
На завяршэнне аўтар падкрэслівае, што сапраўдныя супрацоўнікі праваахоўных органаў ніколі не праводзяць следчыя дзеянні праз месенджары або сацыяльныя сеткі.
нг