Беларускі дыпламат з пасольства Беларусі ў Малдове, якога нібыта спрабавалі завербаваць у Кішынёве польскія спецслужбы, — гэта Уладзімір Зубкоў. Ён з’яўляўся супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі, даведаўся reform.news.
Прапаганда сцвярджала, што польскі дыпламат прапанаваў беларусу 100 тыс. еўра за працу на спецслужбы Польшчы. Але той не толькі адмовіўся ад супрацоўніцтва, але і змог запісаць іх размову ды нават зняць частку сустрэчы на відэа. Прозвішча дыпламата, які валодае спецыфічнымі навыкамі, не называлася, толькі імя — Валодзя. Інтэрв’ю з ім запісвалася са спіны, твар быў схаваны. Але ў пасольстве падыходзіць толькі адзін чалавек — гэта Уладзімір Зубкоў.
Выданне высветліла, што яму 40 гадоў. Ён вучыўся ў Мінскім сувораўскім вучылішчы, паступіў у Вайсковую акадэмію на факультэт пагранічных войскаў. Далей было Галоўнае ўпраўленне КДБ Беларусі, у якім ён у 2015 годзе працаваў на пасадзе «галоўны рэферэнт аддзела ГУ КДБ РБ». «Кіберпартызаны» пацвердзілі, што ў пасольстве Беларусі ў Малдове ў якасці дарадчыка працуе той самы кадравы супрацоўнік КДБ Уладзімір Анатольевіч Зубкоў.
Сітуацыя з «вярбоўкай беларускага дыпламата» выглядае як спецаперацыя КДБ па дыскрэдытацыі польскіх спецслужбаў. Польскія дыпламаты павяліся на правакацыю, якую супрацоўнікі лукашэнкаўскай дзяржбяспекі арганізавалі на тэрыторыі Малдовы. Пасля яе ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы і ўручылі ноту пратэсту.
вс