Беларуская Служба

Беларускую ўладу непакоіць недахоп маладых інжынерскіх кадраў

17.12.2024 14:01
Паводле прэм’ер Галоўчанкі, беларускай эканоміцы не хапае 5 тысяч маладых інжынераў.
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Аб’ём падрыхтоўкі інжынерных кадраў у Беларусі «пакуль не адпавядае патрэбам эканомікі», заявіў прэм’ер Раман Галоўчанка 17 снежня на нарадзе ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, паведамляе «Свабода».

«У 2023 годзе на інжынерныя спецыяльнасці залічана больш за 16 тысяч абітурыентаў, а ў год іх выпуску з ВНУ, гэта значыць у 2027 годзе, замова складае ўжо 21,5 тысячы чалавек», - сказаў палітык.

Паводле яго, у асобных тэхнічных ВНУ «значна састарэла» матэрыяльна-тэхнічная база і кадравы склад.

Галоўчанка заявіў, што часта чуе ў прамысловых прадпрыемствах «нараканні на тое, што пасля ВНУ да іх прыходзяць «сырыя» спецыялісты, якія не валодаюць дастатковым аб’ёмам ведаў для самастойнай працы па тых тэхналогіях, якія прымяняюцца зараз на вытворчасці, іх даводзіцца давучваць ці перавучваць ужо на дзейнай вытворчасці».

Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец раней паведаміў, што сёлета вышэйшыя навучальныя ўстановы недабралі 870 студэнтаў. Недабор каля 500 студэнтаў, паводле слоў кіраўніка Мінадукацыі, зафіксаваны на аграрныя спецыяльнасці, каля 120 — на спецыяльнасці інжынернага профілю.

аз