Беларуская Служба

На святы ў Беларусь прыедзе яшчэ больш турыстаў з Расіі, чым летась: тураператары гавораць пра рост попыту

26.12.2024 07:31
У Расіі расце попыт на навагоднія туры ў Беларусь.
 .
Мірскі замак.Фота: TUT.BY

Сярэдняя працягласць падарожжаў складае 5-6 дзён, пры гэтым турысты праяўляюць цікавасць як да аздараўленчага адпачынку, так і да культурнай праграмы. Пра гэта піша РІА Навіны са спасылкай на інфармацыю ад расійскіх тураператараў.

Па дадзеных тураператара «Алеан», найбольшым попытам у расійскіх турыстаў карыстаюцца беларускія санаторыі — на іх прыпадае 81% усіх браніраванняў. Экскурсійныя туры складаюць 11% заказаў, пражыванне ў мінскіх гатэлях — 8%.

Цікавасць да экскурсій за год павялічылася ў паўтара раза, пры гэтым падаражэлі яны ўсяго на 5 працэнтаў. Найбольш запатрабавана праграма, якая ўключае Мінск, Брэст, Камянец і Белавежскую пушчу. Таксама турысты цікавяцца наведваннем сярэднявечных замкаў, у прыватнасці, Мірскага замка ў Гродзенскай вобласці.

Пікавым перыядам для заездаў сталі даты з 30 снежня да 3 студзеня. У санаторыях расіяне аддаюць перавагу больш працягламу перабыванню — каля 10–11 дзён з лячэннем. Многія здраўніцы прапануюць спецыяльныя навагоднія праграмы і банкеты.

Адзначаецца, што паездкі ў Беларусь прыцягваюць расійскіх турыстаў дзякуючы адсутнасці моўнага бар'ера і простай арганізацыі падарожжа: не патрабуюцца замежны паспарт і віза. Дадатковай перавагай называюць магчымасць выкарыстання карт плацежнай сістэмы «Мір» і зручны абмен расійскай валюты. Таксама расіян  цікавіць шопінг, бо ў Беларусі засталося шмат заходніх брэндаў.

zerkalo.io/вх