Беларуская Служба

Урад Беларусі да канца 2025 года падоўжыў забарону на ўвоз асобных тавараў з «недружалюбных краін»

31.12.2024 09:01
Адпаведны дакумент падпісаў 30 снежня прэм’ер-міністр краіны Раман Галоўчанка.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Pixabay License

Да 31 снежня 2025 года падоўжаная забарона на ўвоз і рэалізацыю ў Беларусі асобных відаў тавараў, а таксама на імпарт паслуг з «недружалюбных краін», паведамляе прэс-служба ўрада. У адпаведнасці з абноўленым дакументам, у пералік уключылі «асобныя тавары, якія паходзяць з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі».



«У іх ліку піва, зброджаныя напоі, сродкі для догляду скуры, валасоў, для галення, гігіены паражніны рота і зубоў, дэзадаранты, саставы для ваннаў, мыла, сродкі чышчэння, дываны, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасцельныя прыналежнасці, посуд сталовы, кухонны з парцаляны і шкляны, асновы матрацныя, лякі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмасаў, цэтлікі і этыкеткі з паперы, кардону», — адзначаецца ў паведамленні.

Пастанова таксама забараняе «ўвоз і рэалізацыю вады, уключна з мінеральнай і газаванай».

Савету Міністраў яшчэ 6 снежня 2021 года прыняў пастанову № 700 «Аб прымяненні спецыяльных мераў у дачыненні асобных відаў тавараў». Контрасанкцыі ўвялі для «гарантавання абароны нацыянальных інтарэсаў» Беларусі. З тых часоў яны рэгулярна падаўжаюцца, а пералік забароненых тавараў (цяпер і паслуг) абнаўляецца, нагадвае «Свабода».



Рэжым Лукашэнкі лічыць «недружалюбнымі» краіны Еўрасаюза, ЗША, Албанію, Вялікабрытанію, Ісландыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвегію, Паўночную Македонію, Сербію, Чарнагорыю і Швейцарыю. Гэтыя дзяржавы ўвялі альбо далучыліся да санкцый, якія сталі рэакцыяй на фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, вымушаную пасадку ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair з блогерам Раманам Пратасевічам на борце, падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне.

10 ліпеня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка падоўжыў да 30 чэрвеня 2025 года дзеянне ўказу, які прадугледжвае спагнанне павышаных мытаў пры ўвозе шампуняў, сродкаў для валасоў і чышчэння зубоў, якія паходзяць з «краін англасаксонскай групы (ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Аўстраліі, Новай Зеландыі)».

аз

Урад увёў пошліны на экспарт лесаматэрыялаў, каб не дапусціць дэфіцыту драўніны

27.12.2024 10:12
На шэраг лесаматэрыялаў і прадукцыі дрэваапрацоўкі ўведзены пошліны на вываз з Беларусі за межы тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, вынікае з пастановы Савета міністраў № 1009 ад 24 снежня.