Беларуская Служба

Грамадзян з «прафілактычнага ўліку» выклікаюць у міліцыю на дзень «выбараў»

08.01.2025 15:21
«Ну, паспрабуйце схадзіць прагаласаваць — паглядзім, чым гэта для вас закончыцца. Вы сваё ўжо адгаласавалі ў 20-м годзе!». 
Збор подпісаў за Лукашэнкукрыніца: elections2025.spring96.org

Грамадзян, якія адбылі палітычнае пакаранне і былі пастаўленыя на «прафілактычны ўлік», выклікаюць у міліцыю на дзень «выбараў», 26 студзеня. Звесткі пра гэта атрымалі праваабаронцы з «Гомельскай Вясны». 

6 студзеня такіх апанентаў улады выклікалі на гутарку ў адно з раённых аддзяленняў міліцыі (дзеля бяспекі праваабаронцы не называюць канкрэтнае РАУС, дзе гэты факт адбыўся). Супрацоўнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі некалькі гадзін расказваў пра шчаслівае жыццё ў Беларусі і перасцерагаў ад учынкаў, якія могуць не спадабацца ўладзе. Наступную гутарку ён прызначыў на 26 студзеня. 

Некаторыя з прысутных сказалі, што ў гэты дзень адбудуцца «выбары», на якія трэба схадзіць прагаласаваць. У адказ пачулі наступнае: «Ну, паспрабуйце схадзіць прагаласаваць — паглядзім, чым гэта для вас закончыцца. Вы сваё ўжо адгаласавалі ў 20-м годзе!». 

Незалежныя назіральнікі адзначаюць, што «выбары», прызначаныя на 26 студзеня, адбываюцца ва ўмовах працяглых жорсткіх палітычных рэпрэсій. У Беларусі ліквідаваныя ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі, а любая крытыка ўлады фактычна пагражае крымінальным пераследам, паведамляе «Еўрарадыё».

вс