Прэс-сакратар Еўракамісіі Аніта Хіпер у пятніцу назвала прызначаныя на нядзелю прэзідэнцкія выбары ў Беларусі «поўнай фальсіфікацыяй». Яна падкрэсліла, што гэтае «практыкаванне» нельга назваць выбарамі, таму што загадзя вядома, хто пераможа.
Непрызнаны Захадам Аляксандар Лукашэнка — адзін з пяці кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у прэзідэнцкіх выбарах у нядзелю, але з-за рэпрэсіяў, якія ўзмацніліся перад выбарамі, і адсутнасці мінімальных дэмакратычных стандартаў кампанію прызнаюць фальшывай. Лукашэнка хоча заставацца прэзідэнтам на сёмы тэрмін запар.
Хіпер, адказваючы ў пятніцу на пытанне аб тым, якія дзеянні Еўрасаюз мае намер распачаць у сувязі з выбарамі ў Беларусі, падкрэсліла, што Еўрасаюз пастаянна аказвае ціск на рэжым Лукашэнкі. Яна нагадала, што ў снежні 2024 года Супольнасць увяла чарговыя санкцыі супраць Беларусі, накіраваныя супраць асоб, адказных за парушэнні правоў чалавека.
«Мы па-ранейшаму ў курсе ўсіх неправамерна затрыманых палітычных зняволеных. Мы заклікаем улады (у Мінску) вызваліць адвольна затрыманых і спыніць рэпрэсіі, якія працягваюцца», — дадала Хіпер. Яна паведаміла, што агульны кошт падтрымкі ЕС грамадзянскай супольнасці ў Беларусі складае 170 мільёнаў еўра.
Тым часам у пятніцу былі вызваленыя восем палітвязняў. Выйшлі з-за кратаў і сем асуджаных за наркотыкі.
На думку аналітыкаў, палітычныя жэсты ў выглядзе «дазаванага» вызвалення палітвязняў з'яўляюцца сігналамі Захаду ў надзеі на аднаўленне хаця б частковай легітымнасці і магчымай спробе нармалізаваць адносіны.
У аўторак Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Еўрасаюз і краіны-сябры ўзмацніць ціск на рэжым у Мінску праз далейшыя санкцыі.
ав