Беларуская Служба

Пасол Украіны па асаблівых даручэннях Ігар Кізім пакінуў сваю пасаду

07.02.2025 13:37
Былы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пакідае пасаду пасла па асаблівых даручэннях па Беларусі.
      .
Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.Фота: Новы Час

Дыпламат выказаў спадзеў, што яго кампетэнцыі будуць запатрабаваныя і пасля звальнення.

«Сёння я прыняў рашэнне звольніцца з дыпламатычнай службы і пайсьці «на заслужаны адпачынак» з чыста асабістых меркаванняў. У кожнага чалавека надыходзіць момант, калі разумееш, што ўзрост бярэ сваё і нельга аддавацца сваёй працы на 100 працэнтаў. Я не магу працаваць па-іншаму, і ў цяперашніх умовах лічу гэта несумленным у адносінах да службы, якой прысвяціў амаль усё сваё жыццё», — напісаў Ігар Кізім на сваёй старонцы ў Facebook.

Ён дадаў, што не мае намеру «кідаць усё і далучацца да «канапных пенсіянераў», мяркуе, што зможа прынесці карысць у тых сферах, дзе яго досвед і кампетэнцыі будуць карысныя.

«Спадзяюся, камусьці яны спатрэбяцца для разумення сітуацыі ў/вакол Беларусі, а таксама яе магчымага развіцця. Мяркую, што гэта пэўнае падсумаванне маёй «грамадскай» працы на пасадзе, якую пакідаю. Што будзе далей — паглядзім. І цяпер я хацеў бы падзякаваць сваёй сям'і, усім маім сябрам і калегам, якія падтрымлівалі мяне ўсе гэтыя гады, незалежна ад таго, што мы разам перажылі і якія пасады займалі. Дзякуй усім. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — напісаў дыпламат.

вх