Беларуская Служба

PEN International заклікаў неадкладна вызваліць Пачобута

22.02.2025 18:32
Неадкладна вызваліць палітычнага зняволенага журналіста Анджэя Пачобута заклікала Міжнародная праваабарончая арганізацыя PEN International.
Andrzej Poczobut trafił do aresztu 25 marca 2021 roku
Andrzej Poczobut trafił do aresztu 25 marca 2021 rokuTwitter.com/@viasna96

«Андрэй Пачобут — голас тых, каго прымушаюць маўчаць, — кажа старшыня Камітэта PEN International па перакладзе і моўных правах Урцы Уррутыкаэчэа. — Ён плаціць жахлівую цану за сваю непахісную прыхільнасць да праўды і справядлівасці. За кратамі, пазбаўлены свабод, за якія змагаўся, ён стаў страшным напамінам аб тым, як далёка беларускія ўлады гатовы пайсці, каб задушыць іншадумства».

PEN International выказаў салідарнасць з журналістам і ўсімі, хто несправядліва зняволены. «Ніхто не павінен быць пакараны за тое, што гаворыць праўду», — падкрэсліў прадстаўнік арганізацыі.

«Гісторыя Пачобута сімвалізуе той від рэпрэсій, з якімі сутыкаюцца пісьменнікі і журналісты, якія адстойваюць правы прыгнечаных меншасцяў. PEN International заклікае да яго неадкладнага вызвалення, а таксама забеспячэння яго неабходнай медыцынскай дапамогай, пакуль ён застаецца за кратамі», — гаворыцца ў паведамленні.

16 студзеня падчас наведвання Мінскага гарадскога тэхнапарку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Варшава «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весці нават размовы па Пачобуту». Ён сцвярджаў, што журналіст «не хоча туды ехаць — вось і ўсё пытанне».

Пасля вынясення палітычна матываванага прыгавору Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 24 жніўня 2023 года заявіў, што Варшава працягвае працу па вызваленні Пачобута.

Паводле pozirk.online/вх