Беларуская Служба

Цэнтр навукі «Капернік» зноўку адчынены для наведвання

10.06.2020 13:33
Усе экспанаты пакрытыя спецыяльным фотакаталітычным пакрыццём, якое дазваляе абараніць паверхню ад бактэрый, вірусаў і грыбкоў.
Фрагмент выставы варшаўскага Цэнтру навукі "Капернік"Foto: shutterstock/Ksenija Ok

Пасля доўгага перапынку, выкліканага эпідэміяй каранавіруса, варшаўскі Цэнтр «Капернік» 10 чэрвеня зноў адчыніў свае дзверы. Будынак і вялікая частка экспанатаў былі належным чынам падрыхтаваныя да новых умоў.

Па меркаваннях эпідэміялагічнай бяспекі каля 30 з 400 экспанатаў былі знятыя. Недаступнымі для гасцей будуць рабатызаваны тэатр, тэатр высокага напружання і дзіцячыя лабараторыі.

Пры наведванні Цэнтр навукі «Капернік» трэба апранаць маску і захоўваць бяспечную адлегласць. У сувязі з дзясятай гадавінай працы ўстановы з’явіліся і навінкі, адна з іх - «Каляровыя цені», гаворыць прэсавы сакратар Цэнтру навукі «Капернік» Катажына Навіцка:

-Незалежна ад таго, якога колеру прадмет, цень заўжды аднолькавы, на то ён і цень. Аднак, у нас можна ўбачыць каляровы цень. Запрашаем да нас, каб даведацца, як паўстае каляровы цень. Новы экспанат стаў унікальным відовішчам, там можна зрабіць выдатныя здымкі. Настойліва раім!

Усе экспанаты былі пакрытыя спецыяльным фотакаталітычным пакрыццём. Гэта сучасная тэхналогія, якая дазваляе абараніць паверхню ад бактэрый, вірусаў і грыбкоў. Фотакаталітычнае пакрыццё дзейнічае на працягу дванаццаці месяцаў. Прэпарат створаны на аснове дыяксіду тытана, які таксама выкарыстоўваецца ў харчовай і касметычнай прамысловасці.

IAR/эж