«Мы не згодныя з бяспраўем, якім зʼяўляецца рашэнне Ваяводскага адміністрацыйнага суда ў Варшаве аб прыпыненні работ у шахце ў Тураве. Мы не можам яго выканаць і будзем рабіць усё, каб яго адмяніць», – заявіў прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі.
«Восем працэнтаў энергіі ў Польшчы вырабляецца ў Тураве. Вынікам гэтага рашэння зʼяўляецца прыпыненне ліцэнзіі, якая дазваляе здабычу вугалю пасля 2026 года», – патлумачыў прэмʼер-міністр.
Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве прыпыніў выкананне прыродаахоўнага рашэння адносна канцэсіі на здабычу вугалю для шахты ў Тураве пасля 2026 года. Скаргу на прыродаахоўнае рашэнне ўвосень 2022 года падалі, між іншым, Фонд Фрэнка Болда, Greenpeace і Экалагічная асацыяцыя EKO-UNIA.
Сёння прэмʼер-міністр сустракаецца з работнікамі шахты ў Тураве.
«Пастанова Ваяводскага адміністрацыйнага суда, вынесеная суддзёй з асацыяцыі Iustitia, якая займаецца палітыкай на баку апазіцыі, адпавядае найгоршай палітыцы ЕС і ўплывае на энергетычную бяспеку польскай дзяржавы. Электрастанцыя і шахта зʼяўляюцца гарантыяй энергазабеспячэння больш чым 3,2 мільёна хатніх гаспадарак, у тым ліку камунальных абʼектаў: шпіталяў, школ, дзіцячых садкоў, офісаў. Гэта безадказная акцыя, адкрыта антыпольская, якая спараджае негатыўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы для польскіх грамадзян. Гэтае рашэнне тым больш шакуе, што яно было прынятае пад дыктоўку нямецкіх экалагічных арганізацыяў. Як «Права і справядлівасць», мы гэтага не дазволім і заўсёды будзем стаяць на баку польскіх працоўных і энергетычнай бяспекі грамадзянаў», – заявіў прэс-сакратар кіроўнай партыі Рафал Бахэнэк.
яс