У Новай Кахоўцы расіяне ўзарвалі дамбу на гідраэлектрастанцыі, у выніку вызваліліся вялізарныя аб’ёмы вады. Украінскія ўлады кажуць пра пагрозу экалагічнай катастрофы.
Міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі па ўзгадненні з прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім вырашыў перадаць 10 цыстэрнаў для вады аб’ёмам 18 тысяч кубаметраў і 10 высокаэфектыўных помпаў магутнасцю каля 12 тысяч літраў/хвіліну.
Украіна звярнулася па дапамогу праз Механізм супольнасці Еўрасаюза, членам якога яна з'яўляецца. Кантактным пунктам Механізму супольнасці ЕС у галіне гуманітарнай і ратавальнай дапамогі ў Польшчы зʼяўляецца Дзяржаўная пажарная служба. Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі падзякаваў Дзяржаўнай пажарнай службе за заангажаванасць.
«Мы ўжо сабралі і праверылі ўсю тэхніку, цяпер яе рыхтуюць да дарогі», – паведаміў прэс-сакратар галоўнага камандуючага Дзяржаўнай пажарнай службы брыгадзір Караль Кежкоўскі.
- Мы думаем, што ў чацвер, або пятніцу ўсё будзе гатова. Нам яшчэ патрэбна ўзгодніць, калі ўкраінскі бок забярэ тэхніку. Польскія пажарнікі не ездзяць ва Украіну, мы не адпраўляем іх у ваенныя дзеянні. Калі дакладна адбудзецца перадача гуманітарнай дапамогі лепш не агучваць, бо расіяне могуць сабатаваць падобныя дзеянні. Але я хачу адзначыць, што ў нас вельмі добра працуе сістэма перадачы дапамогі.
Учора раніцай расіяне ўзарвалі дамбу гідраэлектрастанцыі на Дняпры ў акупаваным горадзе Новая Кахоўка Херсонскай вобласці. Украінскія ўлады загадалі эвакуяваць некалькі тысяч чалавек.
Гідраэлектрастанцыя цалкам разбурана. Пад вадой аказаліся звыш дзесяці населеных пунктаў і некалькі сотняў жылых дамоў.
яс