Беларуская Служба

У Польшчы білет на цягнік можна будзе купіць у кіёску, гасцініцы, прадуктовых крамах і на АЗС

10.06.2023 14:02
У 2022 годзе кампанія PKP Intercity перавезла амаль 60 млн пасажыраў.
      PKP Intercity
Экспрэс польскай дзяржаўнай пасажырскай чыгуначнай кампаніі PKP Intercity Shutterstock/Martyn Jandula

Польская дзяржаўная пасажырская чыгуначная кампанія PKP Intercity плануе пашырыць сетку продажу білетаў на цягнікі. Так, у недалёкай перспектыве чыгуначны квіток можна будзе набыць у кіёску, гасцініцы, прадуктовых крамах і на АЗС, паведаміла прэс-служба перавозчыка.

Шматлікія пасажыры, асабліва старэйшага ўзросту, не купляюць білетаў у інтэрнэце, і з думкай менавіта аб іх квіткі будуць распаўсюджвацца ў партнёрскіх гандлёвых кропках, паінфармавала PKP Intercity. Кампанія нагадала, што ў 2021 годзе ўвяла продаж білетаў за пасярэдніцтвам знешніх фірмаў. Кампанія таксама пашырае распаўсюджванне квіткоў у інтэрнэце, у тым ліку праз партнёрскія прыкладанні. Агулам у сеціве білеты PKP Intercity распаўсюджваюць тры партнёрскія кампаніі. З моманту супрацы з імі польская кампанія прадала па згаданых каналах амаль 3 млн 500 тыс. чыгуначных квіткоў.

PKP Intercity абслугоўвае цягнікі міжрэгіянальных і міжнародных паведамленняў. Кампанія прапануе паездку чатырма катэгорыямі цягнікоў: эканом-класа TLK і InterCity, бізнес-класа Express InterCity і прэміюм-катэгорыі Pendolino Express InterCity Premium. Найбольшай папулярнасцю сярод пасажыраў карыстаюцца дзве першыя катэгорыі – у мінулым годзе паездку на іх выбрала больш за 90% кліентаў кампаніі.

У 2022 годзе PKP Intercity перавезла амаль 60 млн пасажыраў. Да 2030 года фірма плануе прызначыць на пакупку новага і мадэрнізацыю ўжыванага рухомага складу, а таксама на рамонт станцый і вакзалаў 27 млрд злотых (больш за 6 млрд еўра).

вс