У вячэрнім блоку галасавання дэпутаты павінны выказаць сваё меркаванне па праекце рэзалюцыі аб падтрымцы ўступлення Украіны ў НАТА. Прапанова была фармальна ўнесена групай дэпутатаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», але аб яе падтрымцы заявіла большасць апазіцыйных сілаў – акрамя Канфедэрацыі.
Дакладчык праекту Радаслаў Фогель з ПіС нагадаў: у ім гаворыцца, што Украіна, як і любая суверэнная дзяржава, павінна самастойна заключаць альянсы і вырашаць аб кірунках развіцця:
- Ніякі аўтарытарны рэжым не мае права вета ці права выказваць сваё меркаванне аб тым, хто будзе сябрам Альянсу. Імкненне Украіны стаць членам НАТА гучала не раз. У членстве ў НАТА зацікаўлена не толькі Украіна, але і Польшча.
Анджэй Шэйна з левых сілаў звярнуў увагу на патэнцыйныя выгады ад уступлення Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс:
– Гэтая рэзалюцыя і сяброўства Украіны ў НАТА, нельга забываць таксама пра Еўразвяз, – гэта не ўзнагарода. Гэта таксама ў інтарэсах Польшчы. Мы галасавалі тут за членства Фінляндыі, Швецыі, сёння-заўтра прагаласуем таксама за членства Украіны, тым самым умацоўваючы нашу бяспеку і бяспеку Альянсу.
Прапанаваны выгляд рэзалюцыі адобраны камітэтамі абароны і замежных спраў. У ім, між іншым, гаворыцца, што «саміт у Вільні (павінен адбыцца ў ліпені – рэд.) мае вырашальнае значэнне для адносін НАТА і Украіны і павінен стаць месцам дыскусіі аб іх будучыні. Працэдура запрашэння Фінляндыі і Швецыі ў Альянс можа прыменяцца таксама ў адносінах Украіны. Сейм Рэспублікі Польшча будзе падтрымліваць намаганні па ўмацаванні палітычнага і практычнага супрацоўніцтва паміж Альянсам і Украінай і выбудоўвання кансэнсусу для ўступлення Украіны ў НАТА».
IAR/нг