Беларуская Служба

Першыя аперацыі з выкарыстаннем робата da Vinci праведзеныя ў Радамскім анкалагічным цэнтры

28.12.2024 14:55
Спецыялісты Радамскага анкалагічнага цэнтра правялі першыя аперацыі на раку тоўстай кішкі з дапамогай хірургічнага робата da Vinci.
.
.Gerain0812/ Shutterstock

Па словах медыкаў, робат da Vinci дазваляе праводзіць аперацыі ў цяжкадаступных месцах з дакладнасцю, недасягальнай падчас прымянення ранейшых метадаў.

«Хірургія рака з выкарыстаннем хірургічнага робата — гэта цягнік, які ўжо пайшоў і які нельга і не трэба спыняць. Гэта дакладнасць, якой не забяспечвае ні адзін з метадаў, якія выкарыстоўваліся дагэтуль», — падкрэслівае Войцех Майхжак (Wojciech Majchrzak), спецыяліст па агульнай хірургіі і анкалогіі хірургіі, пад кіраўніцтвам якога адбыліся першыя рабатызаваныя працэдуры ў анкалагічнай бальніцы ў Радаме.

Падчас рабатызаваных аперацый хірург сядзіць за спецыяльнай кансоллю побач з пацыентам і кіруе інструментамі.

«У нас ёсць сістэма з 3D-камерай высокай дэталізацыяй, якая павялічвае агляд унутры цела пацыента. Робат пераўтворыць рухі рукі хірурга ў больш дробныя, дакладныя рухі рабатызаваных інструментаў у целе пацыента», — кажа доктар.

У адрозненне ад класічных метадаў выдалення пухліны, аперацыя з выкарыстаннем робата da Vinci —  малаінвазіўная працэдура, якая мае меншую рызыку хірургічных траўмаў і кровастраты для пацыента. Для пацыентаў гэта азначае скарачэнне тэрміну знаходжання ў стацыянары і перыяду аднаўлення, а таксама хутчэйшае вяртанне да жыцця і прафесійнай дзейнасці.

Цяпер Нацыянальны фонд аховы здароўя Польшчы кампенсуе выдаткі на рабатызаваныя працэдуры da Vinci пры трох відах раку: прастаты, тоўстай кішкі і маткі.

У Радамскім анкалагічным цэнтры робат цяпер выкарыстоўваецца для лячэння рака тоўстай кішкі. Аднак шпіталь анансуе, што неўзабаве яго будуць выкарыстоўваць для аперацый на іншых відах раку.

Робат da Vinci ўсё часцей выкарыстоўваецца ў польскіх шпіталях.

PAP/вх