Беларуская Служба

Арганізатара святкавання дня нараджэння Гітлера пакаралі годам зняволення

24.01.2025 17:30
Асуджаны ў заключным слове сказаў, што ён марыў насіць форму СС, бо яе распрацаваў вядомы брэнд Hugo Boss.
.
.Ezequiel Octaviano/Pixabay/CC0

Суд пакараў Матэвуша С., арганізатара святкавання дня нараджэння Адольфа Гітлера ў 2017 годзе ў Вадзіславе-Слёнскім (Сілезія), да аднаго года пазбаўлення волі без адтэрміноўкі. Яго абвінавацілі ў публічнай прапагандзе нацызму.

Прысуд не з'яўляецца канчатковым і можа быць абскарджаны. Астатніх удзельнікаў святкавання суд раней прысудзіў да зняволення.

«Мы лічым прысуд справядлівым. Пракуратура хацела, каб гэта было пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі без умоўнай адтэрміноўкі яго выканання. Нельга дапусціць прапаганды такіх поглядаў і шаблонаў», — падкрэсліла Карына Спрус з акруговай пракуратуры ў Глівіцах.

У пятніцу катавіцкая Gazeta Wyborcza паведаміла, што ў сваёй заключнай прамове Матэвуш С. запэўніў, што ён не нацыст, а толькі член рэканструкцыйнай групы, і што ён марыў насіць форму СС, бо яе распрацаваў вядомы брэнд Hugo Boss.

«Ён таксама нагадаў, што падчас інаўгурацыі прэзідэнта Дональда Трампа Ілон Маск падняў руку ў нацысцкім вітанні, і яму ніхто нічога не зрабіў», — цытуе выданне асуджанага.

Расследаванне гэтай справы было распачата ў студзені 2018 года пасля выхаду сюжэта «Польскія неанацысты» на TVN. У ім журналісты сярод іншага паказалі: святкаванне 128-й гадавіны з дня нараджэння Гітлера, якое прайшло больш за паўгода таму ў лесе каля Вадзіслава-Сленскага. На патрабаванне пракуратуры Служба бяспекі затрымала ўдзельнікаў сходу і правяла ператрусы ў іх кватэрах, дзе знайшлі сцягі, значкі, нашыўкі, выданні з нацысцкай сімволікай.

Паводле PAP/вх