Аб стварэнні міжведамаснай групы па барацьбе з дэзінфармацыяй абвясціў у аўторак кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Сямоняк. Ён адзначыў, што інфармацыя апошніх гадоў пра ўмяшанне ў выбарчыя працэсы з'яўляецца занадта моцным сігналам для дэмакратычных краін, каб яе ігнараваць.
Пра гэта было заяўлена падчас прэзентацыі праграмы па абароне выбараў «Выбарчы парасон».
Кіраўнік МУС адзначыў, што кампаніі па дэзінфармацыі — гэта «вірус, хвароба, якая разбурае інфармацыйную прастору». Ён дадаў, што «дэзінфармацыя неверагодна хутка распаўсюджваецца па ўсім свеце, уплываючы на тое, як грамадская думка падыходзіць да розных пытанняў».
- Усе справы, звязаныя з пагрозамі з боку дэзінфармацыі, пагрозай блакавання сеціва, ці спробамі ўплываць на нешта, знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Агенцтва ўнутранай бяспекі, каб ніхто не быў у стане паўплываць на функцыянаванне дзяржаўных службаў у часе выбараў.
Ён анансаваў прыняцце розных дзеянняў і ў гэтым кантэксце звярнуў увагу на справаздачу камісіі па вывучэнні расійскага і беларускага ўплыву ў Польшчы, якая падрыхтавала, на яго думку, «вельмі салідны матэрыял». Ён дадаў, што высновы справаздачы будуць выкананы.
- Мы плануем (...) стварыць міжведамасную каманду, якая будзе змагацца з дэзінфармацыяй», — абвясціў ён.
Ён звярнуў увагу на «вялізную ролю МЗС, таму што дэзінфармацыя зыходзіць з-за мяжы, уплывае на імідж Польшчы, а таксама на тое, што могуць думаць па розных пытаннях грамадзяне іншых краін, а таксама грамадзяне Польшчы».
Сямоняк сказаў, што агульнавядомая інфармацыя апошніх гадоў пра ўмяшанне ў выбарчыя працэсы рознымі спосабамі «з'яўляецца занадта моцным сігналам для ўсіх дэмакратычных дзяржаў, урадаў і грамадстваў, каб іх ігнараваць».
- Трэба зыходзіць з таго, што тыя, хто жадаюць Польшчы зла, хочуць паўплываць на выбарчыя працэсы ў Польшчы, — дадаў ён.
Такім чынам, дадаў ён, «над выбарчым працэсам будзе раскрыты выбарчы парасон».
- Гэта наша адказнасць за тое, каб кожны польскі выбаршчык адчуваў, што яго воля і воля іншых польскіх выбаршчыкаў вырашаць, хто будзе абраны прэзідэнтам у гэтым годзе, — падкрэсліў ён.
ав