На дадзены момант у Польшчы пражываюць прадстаўнікі 13-ці нацыянальных меншасцяў. Гэта беларусы, чэхі, літоўцы, немцы, армяне, расіяне, славакі, украінцы ды яўрэі. Этнічнымі меншасцямі прызнаныя караімы, лэмкі, цыганы і татары. Яшчэ кашубская мова мае статус рэгіянальнай мовы.
Гэты статус даў меншасцям закон, прыняты 6 студзеня 2005 года. Працы над ім вяліся з 1994 года, што зрабіла яго адным з законаў, якія даўжэй за ўсё знаходзіліся на разглядзе ў польскім парламенце. Прыняты дакумент быў накіраваны на стварэнне ўмоў для культывавання і развіцця культурнай ды моўнай самабытнасці меншасцяў. Гэта першы ў Польшчы заканадаўчы акт, які не толькі падкрэсліў існаванне нацыянальных і этнічных меншасцяў, але і даў ім права свабодна выказваць сваю ідэнтычнасць.
Напрыклад, закон забяспечвае меншасцям, сярод іншага, магчымасць свабоднага выкарыстання мовы меншасцяў у грамадскім жыцці, увядзенне мовы меншасці ў муніцыпалітэтах у якасці дапаможнай і ўсталяванне двухмоўных шыльдаў і ўказальнікаў з назвамі месцаў ды населеных пунктаў на мове меншасці ў раёнах, дзе яны пражываюць.
Сёлета ў Польшчы адзначаецца 20-годдзе прыняцця Закона «Аб нацыянальных і этнічных меншасцях і аб рэгіянальнай мове». З гэтай нагоды ў польскім Сейме адбылася спецыяльная канферэнцыя пад назвай «20 гадоў Закону аб нацыянальных і этнічных меншасцях і аб рэгіянальнай мове – гісторыя, функцыянаванне і будучыня».
Гадавіна прыняцця закону стала важным момантам, каб нагадаць пра яго значэнне для Польшчы, зазначыў маршалак Сейму Шымон Галоўня.
-...Славакі, украінцы, габрэі, караімы, лэмкі, цыганы, татары, кашубская супольнасць - абсалютна ўсе, з'яўляюцца такімі ж грамадзянамі Рэспублікі Польшча, як і любыя іншыя асобы польскай нацыянальнасці, якія маюць пашпарт з надпісам «Рэспубліка Польшчы» і дзяржаўным гербам. У нас аднолькавыя правы і аднолькавыя абавязкі. Важна памятаць пра гэта, асабліва ў часы, калі хваля папулізму і ксенафобіі ахоплівае свет. Трэба разумець, што разнастайнасць - гэта сіла, а не слабасць. Я сам з Падляшша, з Беласточчыны. Падляшша, Беласток — гэта месца, якое вучыць разнастайнасці з дзяцінства. Гэта нармальна, калі сусед святкуе святы ў іншы час, гэта нармальна, калі хтосьці размаўляе на мове, крыху адрознай ад той, якую вывучаюць у школе, і гэта заўсёды было моцным бокам Польшчы. Толькі пазней мы дазволілі пераканаць сябе, што гэта была слабасць. Інтэграцыя разнастайнасці дала нам магутную сілу - Рэч Паспалітую Ягелонаў, якую мы згадваем і ўшаноўваем на ўроках гісторыі, і якая зрабіла нашу мадэль інтэграцыі і супольнасці экспартным таварам для ўсёй Еўропы.
Закон «Аб нацыянальных і этнічных меншасцях...» лічыцца адным з найважнейшых дакументаў для ўсіх нацыянальных і этнічных меншасцей у Польшчы. Аднак за апошнія 20 год сітуацыя меншасцяў змянілася ў Польшчы і ім патрэбна далейшая падтрымка, заявіла старшыня Камісіі па справах меншасцяў Сейму Ванда Навіцка.
- Закон мае ўжо 20 гадоў. Варта адзначыць, што з гэтым звязаны розныя пытанні. Напрыклад, тое, што з'яўляецца ўсё больш і больш меншасцяў, якія таксама імкнуцца атрымаць статус. У папярэдні тэрмін я рыхтавала папраўкі ў закон аб грэцкай меншасці. Цяпер, здаецца, што ёсць шанец, што грэкі будуць прызнаныя меншасцю. Вілямаўлане, як доўга яны чакалі прызнання сваёй мовы? Бо гэтая мова неўзабаве можа знікнуць, бо меншасць вілямалянаў, на жаль, ужо даволі ўзроставая і вельмі малалікая. Таму будзем спадзявацца, што ва ўсіх гэтых заявах аб унясенні паправак у гэты закон усе меншасці, якія маюць свае праблемы, патрэбы і чаканні, атрымаюць належнае прызнанне, а таксама падтрымку і дапамогу. Таму што, з аднаго боку, ёсць меншасці, якія не толькі з'яўляюцца, але і пачынаюць змагацца за сваю ідэнтычнасць і прызнанне дзяржавай. З іншага боку, прызнаных меншасцяў становіцца ўсё менш. Колькасна ўсё менш і менш людзей атаясамліваюць сябе з якой-небудзь меншасцю, таму што, як мы ўсе ведаем, жыццё ідзе сваім шляхам. І падтрымка тут таксама патрэбна.
Міністр унутраных спраў ды адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк, які адказвае, між іншым за справы меншасцяў, паабяцаў падтрымку ды партнёрскі падыход пры распрацоўцы неабходных паправак у закон.
- Дзякуючы калектыўным намаганням палітыкаў, грамадскіх арганізацый і, перш за ўсё, прадстаўнікоў меншасцяў, мы змаглі прыняць гэты закон. У тыя першыя піянерскія гады практыка шматмоўя, тое, што адбывалася ў школах, гэта сапраўды была вельмі складаная задача. І тое, што мы прайшлі праз шмат складаных момантўа, — гэта вялікая заслуга абодвух бакоў мудрасці, сталасці і такога пераканання, што нацыянальныя і этнічныя меншасці, іх прадстаўнікі, уносяць вялікі ўклад, з'яўляюцца польскімі грамадзянамі, і што кожную праблему, нават складаную, можна будзе вырашыць. Таму дзякую за гэта, і ад імя ўраду прэм’ер-міністра Дональда Туска, ад імя кааліцыі, ад імя міністэрства я заяўляю поўную адкрытасць, гатоўнасць вырашаць усе праблемы, партнёрскія адносіны і фінансавую падтрымку. З боку Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі мы зробім усё, каб падтрымаць і дапамагчы прадстаўнікам нацыянальных і этнічных меншасцяў у вельмі нялёгкай справе стварэння найлепшых умоў жыцця. Безумоўна, дваццацігоддзе — вельмі добры момант, каб пагаварыць пра будучыню. Пасля 20 гадоў мы знаходзімся зусім у іншым месцы. 15 гадоў таму ў нас у Польшчы было 100 тысяч замежнікаў, цяпер у Польшчы 3 мільёны замежнікаў. Гэта, вядома, зусім новая сітуацыя, вялікі выклік. Яскравае сведчанне таго, што мы павінны яшчэ больш супрацоўнічаць па розных пытаннях, каб любыя праблемы, якія могуць узнікнуць, вырашаліся загадзя. Так што гэты дыялог абсалютна неабходны.
З нагоды гадавіны закону «Аб нацыянальных і этнічных меншасцях» у польскім Сейме адкрылася выстава «Нацыянальныя меншасці ў 20-годдзе закону».
Юры Ліхтаровіч
слухайце аўдыёфайл