Беларуская Служба

Польскія артысты падтрымалі сваіх беларускіх калегаў

25.08.2020 11:32
Польскія артысты бачаць паралель паміж падзеямі ў Беларусі, і тым што адбывалася ў Польшчы ў 1980-я гады.
Пратэст ля Мінскай філармонііФота: TUT.BY

Саюз артыстаў польскай сцэны апублікаваў зварот для беларускіх калегаў, у якім падтрымаў іх пратэст. Польскія артысты бачаць паралель паміж падзеямі ў Беларусі, і тым што адбывалася ў Польшчы ў 1980-я гады. Пра зварот кажа кіраўнік Саюзу Кшыштаф Шустэр:

– Тое што зараз адбываецца ў Беларусі для нас стала прыемным дэжавю. Зноў артысты выступілі аднымі з першых, хто падтрымаў голас народа. І мы, польскія артысты, хочам падтрымаць, як беларускіх артыстаў, так і ўвесь беларускі народ на іх шляху да змены сістэмы, на шляху да свабоды.

Тэкст звароту:

Дарагія калегі! Беларускія артысты!

Нас вельмі глыбока кранаюць апошнія падзеі ў Вашай краіне, жахлівая лютасць уладаў і празмерна ім паслухмяных атрадаў міліцыі і войска, агрэсія, якая не павінна мець месца ў цывілізаваным свеце ХХІ стагоддзя. Мы жадаем заверыць Вас у нашай салідарнасці і падтрымцы ў барацьбе за элементарныя правы чалавека – права на свабоду, на свабоднае, нічым не абмежаванае, выказванне думкі, права на нармальнае, спакойнае жыццё.

З жахам, недаверам, але і ўзрушанасцю мы глядзім на карціны з вуліц у Вашай краіне; прачынаюцца ўспаміны. Чатыры дзясяткі гадоў таму мы змагаліся за тое ж самае. Мы хацелі быць дэмакратычнай краінай. Мы таксама спявалі з надзеяй: «А муры рухнуць, рухнуць, рухнуць...». І рухнулі! І таму мы выдатна можам уявіць Ваша становішча, як ніхто іншы мы яго разумеем.

На працягу гадоў улады душылі імкненне людзей вырвацца з аковаў, але ўрэшце рэшт жаданне стаць свабодным узарвалася як вулкан, з моцаю, якой немагчыма ўжо стрымаць. Калі мы бачым, як на вуліцы гарадоў у мірных пратэстаў выліваецца рака людзей, якія жадаюць толькі аднаго – жыць у свабоднай краіне, мы хочам перадаць Вам словы падтрымкі і падбадзёрыць, каб Вы не страцілі веры, што дабро пераможа. Перамога будзе за разважнасцю, а людзі, адказныя за дзяржаву, зразумеюць, што няма большай каштоўнасці, чым чалавек і яго жыццё, а замест страху і няволі прыйдуць праўда, высакароднасць і любоў, чаго Вам ад усяго сэрца жадаем.

Саюз артыстаў польскай сцэны

Нагадаем, што ў Беларусі супраць гвалтоўнага падаўлення мірных пратэстаў ды нахабнай фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў выказваліся акторы тэатраў, працаўнікі філармоніяў, а таксама журналісты і супрацоўнікі тэлебачання і радыё.

 аев