15 кастрычніка палякі абіраюць 460 дэпутатаў Сейму (ніжняй палаты польскага парламенту) і 100 сенатараў Сенату (верхняй палаты парламенту) на наступныя чатыры гады.
На выбарчых участках выбаршчыкам таксама прапануецца прыняць удзел у агульнанацыянальным рэферэндуме, ініцыяваным кіруючай партыяй, адказаўшы «так» або «не» на чатыры пытанні: пра падтрымку продажу дзяржпрадпрыемстваў, павышэнне пенсійнага ўзросту, стаўленне да прыёму мігрантаў, а таксама разбурэння агароджы на мяжы з Беларуссю.
Нягледзячы на тое, што выбарчая кампанія ў Польшчы афіцыйна стартавала 8 жніўня, яе прыкметы былі бачныя значна раней. Галоўныя гульцы на польскай палітычнай сцэне яшчэ ў першай палове году абвясцілі, што цяперашнія выбары будуць аднымі з найважнейшых з 1989 году, бо будзе вызначаны вектар далейшага развіцця краіны.
Палітыкам у значнай ступені ўдалося пераканаць у гэтым палякаў, бо, паводле апошніх апытанняў грамадскай думкі, яўка выбаршчыкаў можа быць самай высокай за ўвесь перыяд парламенцкіх выбараў у дэмакратычнай Польшчы і сягаць больш за 65%.
Права голасу ў Польшчы маюць 29 мільёнаў 91 тысяча 533 чалавекі. Выбарчыя ўчасткі працуюць у нядзелю з 7.00 і да 21.00.
iar/pap/ez