Беларуская Служба

Асуджаная за шпіянаж супраць Польшчы беларуска абвешчана ў вышук

06.02.2025 08:30
Асуджаная не з’явілася адбываць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі і не аплаціла штраф.
Дар’я Астапенка https://poszukiwani.policja.gov.pl/скрыншот

Польшча абвясціла ў вышук асуджаную за шпіянаж беларуску Дар’ю Астапенка, вынікае з абвесткі польскай паліцыі.

38-гадовую жанчыну адшукваецца на падставе ч. 1 арт.130 Крымінальнага кодэкса Польшчы (удзел у дзейнасці замежнай выведкі (шпіянаж)).

Раней стала вядома, што асуджаная не з’явілася адбываць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год і восем месяцаў і не аплаціла штраф у памеры 15,5 тыс. злотых (каля 3.850 долараў), нагадвае «Позірк».



У жніўні 2024 года пракуратура Польшчы перадала ў Акруговы суд Варшавы справу грамадзянкі Беларусі, якая абвінавачвалася ў шпіянажы (арт. 130 КК Польшчы). У ходзе расследавання ўстаноўлена, што ў 2023 годзе фігурантка «неаднаразова падавала супрацоўнікам камітэта бяспекі Беларусі інфармацыю аб дзейнасці, структуры і фінансаванні арганізацый, якія аказваюць падтрымку беларускай апазіцыі». Гаворка ідзе, між іншым, пра «Беларускі дом» і арганізаваныя ім мерапрыемствы, якія праводзіліся з падтрымкай МЗС Польшчы. Таксама беларуска ў інтэрнэце абвінаваціла Польшчу ў «падрыхтоўцы службаў, якія спецыялізуюцца на нападах на аб’екты інфраструктуры Беларусі».

Перададзеная ёю інфармацыя была распаўсюджаная ў заяве кіраўніка КДБ Івана Церцеля, які 13 снежня 2023 года паведаміў аб актыўнасці членаў беларускіх арганізацый у Польшчы і іх нібыта планах ажыццявіць дыверсійна-тэрарыстычныя акцыі на тэрыторыі Беларусі.

Астапенка «ператварыла здзейсненыя ёю злачынствы ў пастаянную крыніцу даходу, прыняўшы анлайн-пераводы ад супрацоўнікаў КДБ на суму 15.500 злотых менш чым за два месяцы».

Партал gazeta.pl адзначаў, спасылаючыся на матэрыялы суда, што Дар’я Астапенка прызнала віну ў судзе.

аз