Беларуская Служба

Каля манумента «Тры сястры» на сутыкненні межаў Украіны, Беларусі і Расіі прагучаў магутны выбух

31.05.2023 08:48
З кантэксту вынікае, што гэта расіяне падарвалі «шлях ворага, які ён мог бы калісьці паспрабаваць выкарыстаць для спробаў нападаў».
       ,
Каля манумента «Тры сястры» на сутыкненні межаў Украіны, Беларусі і Расіі прагучаў магутны выбухФота: skreenshot

Пра выбух на скрыжаванні дарог з Украіны, Беларусі і Расіі ўчора вечарам паведаміў канал расійскіх ваенкараў. Відэа перапосцілі ўкраінскія паблікі.

Канал ваенкараў піша, што такім чынам была ўзарваная ўкраінская дарога. З кантэксту вынікае, што гэта расіяне падарвалі «шлях ворага, які ён мог бы калісьці паспрабаваць выкарыстаць для спробаў нападаў».



Між тым цяпер Украіна ўмацоўвае свае межы з краінамі-суседкамі, у тым ліку мініруе прымежныя тэрыторыі. УСУ рыхтуюцца да контрнаступу.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў каментары «Украінскай праўдзе» пацвердзіў, што менавіта расіяне ўзарвалі частку дарогі ў Чарнігаўскай вобласці на стыку мяжы Украіны з Расіяй і Беларуссю. Адбылося гэта днём 30 мая.

«Учора на Чарнігаўшчыне пагранічныя нарады Дзяржпагранслужбы ў абедзенны час зафіксавалі выбух, які прагрымеў на стыку трох краін. У далейшым было ўстаноўлена, што расійскія акупанты ўчынілі падрыў дарогі ў кірунку Чарнігаў – Бранск.

Як бачым, ад «Кіеў за тры дні» яны пачалі ўзрываць дарогі, верагодна, баючыся, што Украіна пойдзе ў наступ на абласны цэнтр. Але Украіна – не агрэсар. Як я ўжо адзначаў, наша дзяржава толькі абараняецца, і Бранск нам не патрэбны. Аднак нам трэба падзенне цэнтра прыняцця рашэнняў, дзе было вырашана развязаць вайну супраць Украіны, таму няхай лепш узарвуць яго», – сказаў Дземчанка.

Манумент «Тры сястры» на стыку меж Беларусі, Расіі і Украіны быў адкрыты ў 1975 годзе ў гонар сяброўства беларускага, рускага і ўкраінскага народаў.

У гэтым месцы, дзе злучаюцца Украіна (Чарнігаўская вобласць), Беларусь (Гомельская вобласць) і Расія (Бранская вобласць) раней праходзілі агульныя святы і афіцыйныя мерапрыемствы. Пасля пачатку вайны супраць Украіны, у якім Расія і Беларусь сталі агрэсарамі, ва Украіне заяўлялі пра жаданне дэмантаваць помнік.

nashaniva.com / вх