Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на пытанне ў Хірасіме аб сітуацыі ў Бахмуце адказаў, што «сёння Бахмут толькі ў нашых сэрцах». Уладзімір Зяленскі паразмаўляў з журналістамі перад сустрэчай з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.
На пытанне, ці праўда, што расіяне ўзялі горад пад кантроль, прэзідэнт адказаў: «Не думаю»:
-Я думаю, не. Вы павінны разумець, што там больш нічога няма. Разбурылі ўсё, будынкаў няма. На жаль, гэта трагедыя. Сёння Бахмут толькі ў нашых сэрцах. Там ужо нічога няма. Толькі руіны і шмат мёртвых расіян, якія прыехалі да нас.
Кіеў сістэматычна абвяргае чарговыя паведамленні расійскага боку і кіраўніка вагнераўцаў Яўгена Прыгожына аб узяцці пад кантроль Бахмута. Бітва за горад – адзін з самых крывавых эпізодаў 15-месячнага расійскага ўварвання ва Украіну.
У сённяшнім камюніке ўкраінскі Генштаб сцвярджае, што праціўнік вядзе наступ у раёне Бахмуту, а баі за сам горад не спыняюцца.
- Нават калі суботняя заява кіраўніка расійскай групы наймітаў Вагнера Яўгена Прыгожына аб захопе астатняй часткі Бахмута, які абараняюць украінцы, адпавядае рэчаіснасці, гэты заява чыста сімвалічная, – ацаніў амерыканскі Інстытут ваенных даследаванняў (ISW).
Згаданыя раёны на паўднёвым захадзе Бахмута, пра якія казаў Прыгожын, не маюць асаблівага тактычнага і аператыўнага значэння, падкрэсліваюць аналітыкі.
Іх захоп не дае расійскім войскам аператыўна значную тэрыторыю для правядзення далейшых наступальных аперацый, а таксама не гарантуе ім моцнай пазіцыі, з якой можна было б абараняцца ад магчымых украінскіх контратак, заявілі ў аналітычным цэнтры ЗША.
ISW адзначыла, што акупацыя астатняй часткі горада, абвешчаная Прыгожыным, не мае стратэгічнага значэння, бо не дазваляе ні групоўцы Вагнера, ні рэгулярным расійскім войскам стварыць значны плацдарм для далейшых наступальных аперацый.
Украінскія контратакі на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе горада будуць перашкаджаць любым магчымым спробам Расіі выйсці за межы Бахмута ў бліжэйшы час, гаворыцца ў аналізе ISW.
Улады Кіева ў суботу запэўнілі, што Узброеныя сілы Украіны трымаюць абарону ў паўднёва-заходняй частцы горада.
ав