Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг заклікаў улады Турцыі перастаць блакаваць уваход Швецыі ў Паўночнаатлантычны альянс. Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам Енс Столтэнберг заявіў, што Швецыя распачала канкрэтныя дзеянні ў адказ на закіды Анкары. «Швецыя выканала свае абавязацельствы», – падкрэсліў генсек НАТА. Ён паведаміў, што сустрэча прадстаўнікоў альянсу, Швецыі і Турцыі па пытанні членства Швецыі ў НАТА адбудзецца 12 чэрвеня.
Турцыя блакуе ратыфікацыю дакументаў, неабходных для прыёму Швецыі, патрабуючы, каб Стакгольм выдаў курдскіх апазіцыянераў, якіх лічыць тэрарыстамі. Пад ціскам Анкары Стакгольм зрабіў больш жорсткім заканадаўства ў гэтым плане.
Швецыя і Фінляндыя вырашылі падаць заяўку на ўступленне ў НАТА пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. У красавіку Фінляндыю прынялі ў Паўночнаатлантычны альянс.
IAR/нг