Прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе пачалі расследаваць падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС, у выніку якога былі затоплены дзясяткі населеных пунктаў на поўдні Украіны.
Як паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце, прадстаўнікі МУС таксама бачылі на ўласныя вочы, што расійскія акупанты працягваюць абстрэлы затопленых тэрыторый у той час, як там ідзе эвакуацыя.
«Днямі Херсоншчыну наведалі прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суда. У першы ж дзень пасля катастрофы генеральны пракурор накіраваў у МУС адпаведны зварот па расследаванні гэтай катастрофы. І праца ўжо пачалася. Вельмі важна, што прадстаўнікі міжнароднага правасуддзя на свае вочы ўбачылі наступствы гэтага расійскага тэракту і самі пачулі, што расейскі тэрор працягваецца. Працягваецца максімальна цынічнымі абстрэламі затопленай тэрыторыі, тэрыторыі эвакуацыі», – сказаў прэзідэнт Украіны ў сваім штодзённым відэазвароце.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Украіна ўжо садзейнічае і ў далейшым будзе садзейнічаць максімальна незалежнаму і аб'ектыўнаму расследаванню МУС.
«Усе нашы праваахоўнікі і іншыя інстытуты максімальна ўцягнуты ў гэты працэс. Поўны доступ да пацярпелых тэрыторый, да сведак, усёй інфармацыі, доказаў. Важная поўная і справядлівая адказнасць для расійскіх тэрарыстаў і самой дзяржавы-тэрарыста. Гэта абавязковая ўмова для таго, каб у свеце больш не было паўтарэння такога зла», – сказаў Зяленскі.
6 чэрвеня адбыўся падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС, у выніку дзясяткі населеных пунктаў былі затоплены.
Украіна сцвярджае, што ёсць доказы датычнасці вышэйшага кіраўніцтва РФ да тэракту.
вх