Беларуская Служба

У Расіі пачаўся вайсковы бунт

24.06.2023 08:01
Салдаты прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» захапілі Растоў ды абвясцілі паход на Маскву «за аднаўленнем справядлівасці».
      -- 24  2023 .
Расійскія вайскоўцы перакрылі вуліцу ў цэнтры Растова-на-Доне 24 чэрвеня 2023 году. EPA/ARKADY BUDNITSKY Dostawca: PAP/EPA.

На вуліцах Масквы і Растова-на-Доне была заўважаная браніраваная тэхніка і ўзмоцнены рух супрацоўнікаў спецслужбаў і міліцыі. На трасе «Дон», якая вядзе з Масквы ў бок Чорнага мора, былі выстаўленыя пасты міліцыі і Расгвардыі.

Раней каардынатар прыватных атрадаў наймітаў «Групы Вагнера» Яўген Прыгожын заявіў, што яго людзі вяртаюцца з фронту ва Украіне ды едуць у Маскву, бо неабходна аднавіць «справядлівасць у войску». «Незалежная «Новая газета». Еўропа» пісала, што дзеянні Яўгена Прыгожына нечакана падтрымаў апазіцыянер у выгнанні Міхаіл Хадаркоўскі. Палітык заклікаў расіян дапамагчы войскам Вагнера.
Адкрытае паўстанне наймітаў супраць уладаў адбылося пасля наступу рэгулярнай арміі на пазіцыі вагнераўцаў на Украінскім фронце.
«Нас 25 тысяч, і мы збіраемся растлумачыць, чаму ў краіне хаос», — заявіў Яўген Прыгожын на адным з відэа. Адначасова яго найміты перайшлі межы Расіі і ўвайшлі ў Растоў-на-Доне, дзе вагнераўскія войскі захапілі ваенныя будынкі, як мінімум, штаб Паўднёвай ваеннай акругі Мінабароны РФ. Паводле паведамленняў мясцовых СМІ, ні памежныя падраздзяленні, ні спецслужбы не спрабавалі ўмешвацца.

Доказ узяцця штаба ПВА – відэа, апублікаванае Прыгожыным адтуль. На відэа Прыгожын, у якого няма ніякіх уладных паўнамоцтваў, а ёсць толькі зброя і людзі, забараняе намесніку міністра абароны Юнуус-Беку Еўкураву «тыкаць» у свой адрас, а на фразу першага намесніка кіраўніка ГРУ Уладзіміра Аляксеева, што ў Кіеве зараз свята, адказвае : «Нічога страшнага! У Кіеве свята з шампанскім, калі вы кідаеце Чырвоныя Ліманы, Разынкі і ўсё астатняе. Тады свята па тыдні ў Кіеве. А мы ніадкуль не бяжым».

Прыгожын кажа Еўкураву, што ён і яго байцы хочуць атрымаць начальніка Генштаба Герасімава і міністра абароны Шайгу. «Пакуль іх не будзе, мы знаходзімся тут, блакуем горад Растоў ды ідзем у Маскву. Хлопцы будуць знаходзіцца тут», - кажа Прыгожын.

Ні Еўкураў, ні Аляксееў не робяць спроб затрымаць Прыгожына, хоць напярэдадні супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа аб арганізацыі мяцяжу.

Супраць Прыгожына ФСБ распачала крымінальную справу за «падбухторванне да ўзброенага мяцяжу». Крымінальную справу па гэтай справе таксама распачала Генпракуратура Расіі.

Міністэрства абароны Расіі звярнулася да байцоў ПВК «Вагнер» з просьбай праявіць разважлівасць, звязацца з афіцыйнымі сілавікамі і вярнуцца на месца дыслакацыі.

Узброеныя сілы Расіі атрымалі неабходны загад па нейтралізацыі тых, хто арганізаваў узброены мяцеж, заявіў прэзідэнт Расіі Пуцін.

У Маскве, Маскоўскай і Варонежскай абласцях уведзены рэжым антытэрарыстычнай аперацыі, паведамілі ў Нацыянальным антытэрарыстычным камітэце.

ПР/юл