Беларуская Служба

Былы прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Касьянаў прызнаны «замежным агентам»

25.11.2023 08:40
Былы прэмʼер-міністр Расіі Міхаіл Касьянаў, які крытыкуе цяперашнія ўлады краіны і пакінуў Расію ў знак пратэсту супраць вайны ва Украіне, быў у пятніцу ўключаны расійскімі ўладамі ў спіс «замежных агентаў», паведаміла Міністэрства юстыцыі Расіі.
      .
Міхаіл Касьянаў на Маршы памяці Барыса Нямцова.Фота:Wikipedia

Міхаіл Касьянаў быў прэмʼер-міністрам падчас першага прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна з 2000 па 2004 год. Раней, у 1999-2000 гадах, ён займаў пасаду міністра фінансаў. Пазней ён стаў заўзятым крытыкам уладаў у Крамлі.

Мінюст абвінавачвае Касьянава ў тым, што ён выступае «супраць спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне» і ўваходзіць у «Расійскі антываенны камітэт», які ўлады лічаць «арганізацыяй, скіраванай на дыскрэдытацыю знешняй і ўнутранай палітыкі Расіі».

Камітэт быў створаны за мяжой у 2022 годзе некалькімі расійскімі апазіцыянерамі, у тым ліку былым алігархам Міхаілам Хадаркоўскім.

Палажэнне аб «замежных агентах» у Расіі першапачаткова распаўсюджвалася на няўрадавыя арганізацыі, якія прызнаваліся такімі, калі яны займаліся палітычнай дзейнасцю і атрымлівалі сродкі з-за мяжы. На практыцы крытэрыі прызнання арганізацый «агентамі» былі незразумелымі ад пачатку і выкарыстоўваліся для рэпрэсій над незалежнымі групамі. Пазней палажэнні аб «агентах» сталі распаўсюджвацца на СМІ і на фізічных асоб.

PAP / вх