Выданне Bloomberg паведамляе са спасылкай на ананімныя крыніцы, што ў ЕС назіраюцца спробы змякчыць прапанаваныя рашэнні, накіраваныя на тое, каб Расія не магла абыходзіць санкцыі.
Еўракамісія прапануе забараніць імпарцёрам з трэціх краін перапрадаваць у Расію або выкарыстоўваць у гэтай дзяржаве тавары двайнога прызначэння. Гэта значыць прадметы, якія могуць выкарыстоўвацца ў грамадзянскай або ваеннай дзейнасці. У лік такіх тавараў уваходзяць, у прыватнасці, паўправаднікі.
Сярод прапанаваных варыянтаў – неабходнасць уносіць пэўную суму на спецыяльны банкаўскі рахунак. Прынамсі палова гэтай сумы будзе перададзена ў траставы фонд Украіны. Больш за тое, кантракты, якія парушаюць забарону на перапродаж, будуць скасаваны, а экспарцёры з ЕС будуць абавязаны інфармаваць нацыянальныя ўлады аб любых парушэннях кампаніямі з трэціх краін.
У дыпламатаў з групы вялікіх дзяржаў – членаў ЕС ёсць сумненні ў законнасці такіх рашэнняў. Гэтыя краіны жадаюць звузіць кола патэнцыйных палажэнняў і спіс тавараў, на якія будуць распаўсюджвацца прапанаваныя меры. Гэтыя дзяржавы таксама занепакоеныя тым, што патрабаванні могуць зменшыць канкурэнтаздольнасць еўрапейскіх кампаній. Аднак іншыя сябры ЕС, у тым ліку краіны Балтыі, падтрымліваюць гэтыя прапановы.
У лік трэціх краінаў, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыі, уваходзяць Казахстан, Сербія, Турцыя, Арменія, Азербайджан і Узбекістан. Аднак звыш 80% тавараў падвойнага прызначэння пастаўляюць Кітай і Ганконг.
IAR/нг