Фінляндыя закрывае ўсю мяжу з Расіяй для пасажырскіх перавозак, – паведаміла міністр унутраных спраў краіны Мары Рантанен. Мяжа будзе закрыта ў ноч з 29 лістапада на 30 лістапада. Чакаецца, што такое становішча захаваецца як мінімум да 13 снежня з-за масавай хвалі мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна перасекчы мяжу з усходу.
Фінляндыя пакуль закрыла некаторыя памежныя пункты з РФ. Адзін крайні паўночны памежны пункт быў адкрыты і будзе працаваць да вечара серады. Будзе дазволены толькі грузавы рух.
У лістападзе мяжу з Фінляндыяй нелегальна перасякалі каля 900 чалавек з такіх краін, як Кенія, Марока, Самалі, Сірыя і Емен.
Міністр унутраных спраў Фінляндыі Мары Рантанен заявіла падчас прэс-канферэнцыі, што наплыў мігрантаў праз усходнюю мяжу Фінляндыі з'яўляецца вынікам расійскай аперацыі, якая мае прыкметы кантрабанды людзей.
Яна дадала, што больш мігрантаў зʼяўляецца на мяжы з расійскага боку. У сваю чаргу прэмʼер-міністр Фінляндыі Петэры Орпа запэўніў, што яго краіна не паддасца расійскаму ціску.
iar/эж