Беларуская Служба

У Германіі ўзрасла пагроза тэрарыстычных актаў

29.11.2023 19:01
«Заклікі да нападу з боку джыхадыстаў з «Аль-Каіды» і «Ісламскай дзяржавы» трапляюць на надзвычай спрыяльную глебу ў Германіі, асабліва перад Калядамі».
Katedra w Kolonii
Katedra w Kolonii pixabay/domena publiczna

У Германіі ўзрасла пагроза тэрарыстычных актаў, папярэдзіў кіраўнік Федэральнага ведамства па ахове канстытуцыі Томас Хальдэнванг. Ён дадаў, што падзеі на Блізкім Усходзе ўзмацнілі пільнасць нямецкіх службаў.

Кіраўнік нямецкай контрвыведкі ацаніў, што пасля кастрычніцкай атакі ХАМАС на Ізраіль службы назіралі новую дынаміку сярод ісламскіх фундаменталістаў.

«Я даўно папярэджваю, што ў Германіі ў любы момант можа адбыцца тэракт. Цяпер узнікае новая якасць», – падкрэсліў ён.

Томас Хальдэнванг заявіў пра актывізацыю дзеянняў супраць патэнцыйных экстрэмістаў.

«Заклікі да нападу з боку джыхадыстаў з «Аль-Каіды» і «Ісламскай дзяржавы» трапляюць на надзвычай спрыяльную глебу ў Германіі, асабліва перад Калядамі», – напісаў у заяве кіраўнік Упраўлення па ахове канстытуцыі.

Паводле яго слоў, Германія апошнім часам стала сведкай не толькі шматлікіх антысеміцкіх дэманстрацый, але часам і актаў гвалту ў дачыненні да хрысціян. Томас Хальдэнванг паведаміў, што сёння ў Кёльне былі затрыманыя двое непаўналетніх ісламістаў, якія рыхтавалі напады на сінагогу і калядны кірмаш.

яс