Былы дырэктар ЦРУ і экс-камандуючы міжнароднымі кааліцыямі ў Іраку і ў Афганістане генерал Дэвід Петрэус лічыць, што ўкраінцы «не змаглі дасягнуць таго прарыву, на які ўсе спадзяваліся» у контрнаступе летам 2023 года праз недастатковыя пастаўкі Кіеву ўзбраення, паведамляе расійская служба BBC.
У прыватнасці, паводле яго, былі затрымкі з прыняццем рашэнняў адносна танкаў Abrams M1 і Leopard, касетных боепрыпасаў, сістэмаў ракет большага радыусу дзеяння для рэактыўных сістэмаў залпавага агню і самалётаў заходняга ўзору.
«У нашай [вайсковай] дактрыне гаворыцца, што для прарыву той абароны, што мы бачылі на поўдні (…), неабходная перавага ў паветры, а таксама шмат што іншае. Мы не далі гэтага ўкраінцам», – падкрэсліў Петрэус на прэзентацыі сваёй кнігі.
Агулам жа, на думку генерала, Захад, не прыняўшы «дастатковых захадаў» пасля анексіі Крыму, даў Уладзіміру Пуціну думаць, што «яму ўдасца пазбегнуць адказнасці за ўварванне ва Украіну».
az/Белсат