Перамовы пройдуць у Лондане напярэдадні саміту шэрагу еўрапейскіх лідараў па Украіне.
«Прэм'ер-міністр Стармер і прэзідэнт Зяленскі сустрэнуцца на Даўнінг-стрыт сёння днём», — сказала прэс-сакратар ураду Велікабрытаніі пасля таго, як брытанскія СМІ паказалі выявы ўкраінскага прэзідэнцкага самалёта, які прызямліўся ў аэрапорце на поўнач ад Лондана.
Зяленскі прыбыў у Вялікабрытанію пасля таго, як перамовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Вашынгтоне ў пятніцу скончыліся безвынікова, а больш за тое — канфліктам.
На суботу ў Лондане запланавана сустрэча еўрапейскіх лідараў з прэзідэнтам Украіны.
Брытанскі прэм’ер-міністар Кейр Стармэр запрасіў на сустрэчу некалькіх еўрапейскіх лідараў, у тым ліку польскага прэм’ера Дональда Туска. У перамовах таксама возьмуць удзел генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і прэзідэнт Еўрапейскай рады Антоніа Коста.
Паводле заявы брытанскага ўраду, у саміце возьмуць удзел лідары Польшчы, Францыі, Нямеччыны, Даніі, Італіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Іспаніі, Фінляндыі, Швецыі, Чэхіі, Румыніі і Турэччыны.
Кіраўнік камітэта па замежных справах парламента Эстоніі Марка Міхкельсан заявіў, што Эстонія, Латвія і Літва незадаволеныя тым, што іх выключылі з нядзельнага саміту па Украіне ў Лондане. «Краіны Балтыі знаходзяцца ў групе рызыкі, і я лічу, што ў гэтым кантэксце нам абсалютна неабходна прысутнічаць на гэтых сустрэчах. Я ведаю, што нашы дыпламаты над гэтым працуюць, але цяпер сітуацыя не аптымістычная і мне асабіста гэта не вельмі падабаецца», — падкрэсліў палітык.
Згодна з прадстаўленым офісам Стармера планам, у нядзелю раніцай прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі павінен правесці тэлемост з кіраўнікамі краін Балтыі.
Ва ўмовах правалу перамоваў у Вашынгтоне стаўкі лонданскай сустрэчы «каласальныя».
Карэспандэнт Бі-бі-сі Джэймс Лэндэйл прагназуе, што Зяленскі падчас нядзельных перамоў «папросіць лідараў далучыцца да Вялікабрытаніі і Францыі ў абяцанні аказаць ваенную падтрымку ўкраінскім сілам, калі будзе дасягнута спыненне агню».
«Перашкоды, якія назапашваюцца, вялікія: Трамп давярае прэзідэнту Пуціну, хоча аднавіць адносіны ЗША і Расіі і не бачыць неабходнасці гарантаваць бяспеку Украіны пасля спынення агню», — адзначыў журналіст.
«Фундаментальнае пытанне, якое ляжыць у аснове ўсіх гэтых меркаванняў, заключаецца ў тым, ці можна аднавіць трансатлантычны альянс, ці ўчорашняе супрацьстаянне (паміж Зяленскім і Трампам) зрабіла яго немагчымым? Адказ незразумелы. Але ён будзе, калі ЗША прыпыняць ваенную дапамогу Украіне», — дадаў Лэндэйл.
PAP/вх